Усе яны праходзяць па крымінальнай справе за пратэсты каля Пінскага гарадскога выканкама ў ноч з 9 на 10 жніўня. Па словах праваабаронцы, сябра Руху «За Свабоду» Алеся Рамановіча, гэта адзін з метадаў ціску на вязняў:
— Сама сістэма там так пабудаваная, каб чалавека зламаць. Каб казаць, што ты нікому не патрэбны. Хутчэй за ўсё таму і не даходзяць некаторыя лісты. Нават калі там не напісана такога, што цэнзар можа не прапусціць, але ж лісты не даходзяць.
Я ведаю, што людзі пішуць паштоўкі. І шмат нават паштовак не даходзяць. Проста сістэма пабудаваная так, каб зламаць чалавека.
У нядаўнім лісце сваёй маці палітвязень Данііл Богнат выказаў шкадаванне, што на яго забыліся, хаця знаёмыя і сваякі лістуюць яму ў ШЫЗА.
Пра нерэгулярнасць атрымання карэспандэнцыі піша паплечнікам і палітвязень, сябра Руху «За Свабоду» Ігар Салавей, які знаходзіцца ў баранавіцкай калоніі з верасня.