Новости Аналитика

Мифы кампании-2020

Мифы кампании-2020

2638 просмотров Минск
Заместитель председателя Движения «За Свободу» Кирилл Стаселько пишет об особенностях нынешней избирательной кампании.

Усё часцей даводзіцца чуць у дачыненні да цяперашняй перадвыбарчай кампаніі: «О, такога яшчэ не было». Чаго яшчэ не было дакладна, дык гэта такой трансфармацыі інфармацыйнай прасторы. Кажу гэта ні ў негатыўным, ні ў пазітыўным кантэксце. Гэта з’ява, з якой трэба лічыцца, якую цікава аналізаваць, якая таксама сведчыць і пра пэўныя сацыяльныя змены.

Прынамсі, гэта цудоўны час для палітолагаў і медыяэкспертаў, якія могуць жыўцом назіраць, як імкліва пераструктуроўваецца інфармацыйная прастора. Як за адзін дзень можна ўзвысіць адну асобу і іміджава знішчыць другую. Як нікому невядомы дагэтуль Сяргей Ціханоўскі спачатку імкліва становіцца папулярным блогерам, а потым і лідарам пратэстаў. Як хутка мяняецца вобраз Віктара Бабарыкі, які сцвярджаў, што фальсіфікацый і рэпрэсій няма, які ніяк не падтрымаў пасля затрымання ні Ціханоўскага, ні Паўла Севярынца з Мікалаем Статкевічам, а цяпер сам атрымлівае лісты падтрымкі ў СІЗА. Як цэнтр увагі займаюць пераважна палітычныя навічкі, у той час як пра тых жа ветэранаў змагання Севярынца са Статкевічам амаль усе забылі. Як тыя, каго ўчора абзывалі спойлерамі і маскоўскімі агентамі, сёння галоўныя героі. Як крыніцай аператыўнай інфармацыі (а для некаторых галоўным ворагам) перастаюць быць апазіцыйныя СМІ, месца якіх займаюць тэлеграм-каналы. Учарашняя інфармацыйная павестка гэтак жа хутка забываецца, як моцна акцэнтуецца сённяшняя.

Тое, што я артыкулюю далей, — вельмі простае і відавочна, вядомае многім. Прынамсі, так мне падавалася, а таму я зусім не планаваў пісаць гэты тэкст. Але калі ў аўтарытэтных СМІ пішуць, нібы адбылося першае за ўсю гісторыю аб’яднанне апазіцыі, відаць, што ўсё ж варта прагаварыць простыя і відавочныя рэчы. Зразумела, што гэта проста прыгожыя загалоўкі, але для многіх неафітаў так і ёсць. Варта прагаварыць, каб праз цяжар ілюзій не матэрыялізаваць сабе чарговыя граблі. Бо каб нешта змяніць, трэба разумець кантэкст, бэкграўнд таго, што ўжо рабілася.

Міф № 1: Аб’яднаны кандыдат

Навіна пра далучэнне да Святланы Ціханоўскай штабаў Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы ў многіх выклікала новую хвалю аптымізму. Так, выданне Kyky.org напісала: «EVAlution минская версия: три женщины, представляющие альтернативных кандидатов, объединяют усилия на президентских выборах. Еще ни разу в истории Беларуси не было единого кандидата от оппозиции». Насамрэч такое ўжо было ў гісторыі Беларусі! Самым яскравым прыкладам з’яўляецца Аляксандр Мілінкевіч, які на Кангрэсе дэмакратычных сіл 2005 года быў абраны «адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сіл». Гэта быў ужо вопытны і аўтарытэтны палітык ды дзеяч — былы намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама, кіраўнік перадвыбарчага штаба Сямёна Домаша, старшыня грамадскіх арганізацый, каманда і прыхільнікі якога не проста дамагаліся змены ўлады, але мелі канкрэтнае бачанне, а таму і ўяўленне пра тое, што і калі трэба рабіць падчас перадвыбарчай кампаніі. Тым больш каштоўным быў гэты кандыдат, што аб’яднанне адбылося на самым старце, як вынік вялікай працы і кансэнсусу, а не пастфактум, калі каманды незарэгістраваных проста далучыліся да зарэгістраванага, што стала дастаткова натуральным крокам.

Вечар 19 сакавіка 2006 года

Міф № 2: Масавыя пратэсты

Вялікія чэргі, шматлюдныя сустрэчы ў рэгіёнах, надзвычай масавыя акцыі былі і да 2020 года. Той жа Аляксандр Мілінкевіч збіраў сотні і тысячы на сваіх сустрэчах у рэгіёнах. Новыя фарматы акцый? Можна прыгадаць так званыя «маўклівыя акцыі». Масавы выхад людзей на вуліцы? Дастаткова прыгадаць многія акцыі на Дзень Волі і Чарнобыльскі шлях, прэзідэнцкую кампанію 2010 года. Калі гэта здаецца непераканаўчым, паглядзіце фільм «Плошча» пра падзеі 2006 года. Калі і гэта здаецца не такім актыўным пратэстам, можна ўспомніць Мінскую вясну 1996 года.

Фота – Георгій Ліхтаровіч, vytoki.net

Міф № 3: Рэферэндум

Нават ад сваіх аднагодак чуў: «Ого, рэферэндум, далучаюся. Чаму раней такога ніхто не рабіў?» Калі хто не ведае, то не тое што рэферэндум ужо рыхтаваўся, а нават збіраліся подпісы за імпічмент прэзідэнта. Але калі ўжо пачалі пра рэферэндум, як мінімум можна згадаць буйную кампанію «Народны рэферэндум», якую ў 2013–2015 гадах праводзілі Рух «За Свабоду», БНФ, «Гавары праўду» ды іншыя апазіцыйныя структуры з удзелам вялікай колькасці іншых арганізацый і экспертаў. У выніку арганізатары нават здолелі сабраць блізу 90 тысяч подпісаў.

Міфы ўзнікаюць дзякуючы інфармацыйным хвалям, у якія многія проста не рызыкуюць паглыбляцца, каб не патануць у іх, пакуль набліжаюцца новыя. Напрыклад, цікава заўважыць, як крытыкуюць так званую «старую апазіцыю» і як усхваляюць, гераізуюць супрацоўнікаў дзяржаўнага тэлебачання, якія страцілі кантракты. Узнікаюць пытанні, чаму ў апазіцыі так доўга нічога не атрымліваецца, але не ўзнікае пытанняў, чаму супрацоўнікі тэлебачання, якія маюць працу і ў іншых месцах, якія маглі не толькі хайпануць, але і прадказаць наступствы сваіх дзеянняў, маўчалі столькі гадоў. Узнікаюць пытанні, дзе «Ляпісы» і Міхалок, але не ўзнікае пытанняў, чаму раней не былі такімі радыкальнымі змагарамі вядомы рэстаратар (які ўжо паспеў эміграваць) і іншыя медыяперсоны.

Калі ўспомніць ход усёй кампаніі і змену інфармацыйных хэдлайнераў, цікава вылучыць яшчэ адну адметнасць. Фактычна, гэтая кампанія ідзе не ў падтрымку канкрэтнага кандыдата, канкрэтнай асобы (ніхто асабліва не абмяркоўвае бэкграўнд, прэзідэнцкія кампетэнцыі Ціханоўскай ці іншых кандыдатаў, пункты праграмы і т. п.), а ў падтрымку зменаў. Таму сённяшняя кампанія такая гучная, таму каманда, якая працуе на змены, а не на асобу, мае значна большы інфармацыйны патэнцыял. Абстрактную ідэю без канкрэтыкі, якую, выглядае, падтрымлівае большасць, значна складаней перамагчы, чым імідж канкрэтнай жывой небездакорнай асобы.

Мабыць, таму многія спажыўцы аператыўнай інфармацыі сёння не асабліва разбіраюцца і ўключаюць крытычнае ці хаця б скептычнае мысленне, калі навіна працуе на ўзмацненне надзеі, веры і натхнення, праз што нараджаюцца міфы, паспяхова распаўсюджваюцца фэйкі і імгненна мяняе свой кірунак інфармацыйны флюгер.

Яшчэ раз паўтару, што не спрабую заняць пазіцыю аўтарытэтнага аналітыка па ўсіх пытаннях, не спрабую крытыкаваць сённяшнія аб’яднанні і намаганні, але як шараговы грамадзянін для сябе і для іншых паспрабаваў асвяжыць у памяці тое, што сёння неабходна мець на ўвазе.

Кірыл Стаселька

Источник: budzma.by

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

Последние новости