Новости Аналитика

Александр Милинкевич: «Революционной ситуации пока нет, но в обществе зреет твердое желание перемен»

Александр Милинкевич: «Революционной ситуации пока нет, но в обществе зреет твердое желание перемен»

2672 просмотра Бершты
Что происходит в Беларуси накануне президентских выборов, как разобраться в ситуации и кого считать демократическим кандидатом? На эти и другие вопросы отвечает известный белорусский политик, бывший председатель Движения «За Свободу» Александр Милинкевич.

– Аляксандр Уладзіміравіч, як вы ацэньваеце абстаноўку ў краіне перад прэзідэнцкімі выбарамі – 2020?

– Спачатку ўсім здавалася, што кампанія будзе малацікавай і Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз прызначыць сябе прэзідэнтам. Аднак усё пайшло не так. У Беларусі да гэтай пары не бачылі такіх кіламетровых чэргаў жадаючых падпісацца за апанентаў кіраўніка дзяржавы, грамадства рэзка палітызавалася, у ім выявіўся сімптом масавай
незадаволенасці. Рэжым забараняе незалежнае вывучэнне грамадскай думкі, але падзенне рэйтынгу ўлады відавочны. Людзі стаміліся ад аднаго і таго ж твару ў тэлевізары, ад сталай непавагі да іх, грубасці, уседазволенасці ўлады. У эканоміцы шматгадовая стагнацыя, у грамадстве раскол і дэпрэсія.

– Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў толькі пяць кандыдатаў, а вядомыя палітыкі Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец знаходзяцца ў зняволенні. Каго з сённяшніх кандыдатаў, на вашу думку, можна лічыць прадстаўніком дэмакратычных сіл?

– У аўтарытарных рэжымах ніколі не бывае свабодных справядлівых выбараў. У такіх
умовах адказам дэмакратаў мае быць іх кансалідацыя і абранне лідара. Тым больш сёння, калі традыцыйная апазіцыя аслаблена і можа рэальна сабраць подпісы пры ўмове аб’яднання толькі за аднаго кандыдата. Мне вельмі баліць, што з 2007 года ні разу не ўдалося нават склікаць кангрэс дэмсіл. Сёлета правалілася і ідэя з праймерыз, і дэмакраты зноў не маюць свайго супольнага легітымнага прадстаўніка на прэзідэнцкіх выбарах.

– А ці можна цяперашняга Аляксандра Лукашэнку лічыць прарасійскім кандыдатам?

– Аляксандр Лукашэнка быў і будзе вельмі савецкім чалавекам. Ён прамаскоўскі, калі трэба атрымліваць нафту і газ па «брацкіх» цэнах або пастаўляць нашу прадукцыю на расійскі рынак. Але ён тут жа антырасійскі, калі «лялькаводы» робяць «падатковы манеўр», а тым больш калі, паводле ягонага меркавання, хочуць забраць у яго ўладу.

– Незарэгістраваных кандыдатамі ў прэзідэнты Бабарыку і Цапкалу некаторыя каментатары называлі менавіта прарасійскімі, а Зянон Пазьняк нават сказаў, што «газпрамаўская афера забуксавала». Што вы думаеце на гэты конт? Ці бачыце вы расійскі след у сёлетніх беларускіх выбарах?

– Практычна ва ўсіх беларускіх прэзідэнцкіх выбарах Крэмль меў аднаго або некалькіх апазіцыйных кандыдатаў, якія ўдзельнічалі ў рэалізацыі ягонай стратэгіі. Да гэтай кампаніі Масква ніколі не ставіла сваёй мэтай замену Лукашэнкі. Яна кожны раз вылучала тры асноўныя задачы: разбурыць кааліцыю дэмакратычных сіл, спыніць дыялог Беларусі з Захадам і напалохаць Лукашэнку, каб ён хутчэй аб’ядноўваўся. Самы вялікі поспех расійскага сцэнарыя быў у 2010 годзе, калі ў выніку прымітыўнай правакацыі з маскоўскім следам, арганізаванай беларускімі сілавікамі, прайгралі ўсе: апазіцыя, Лукашэнка, Захад, усе беларусы. А Крэмль атрымаў чыстую перамогу. Сёння для Расіі Беларусь – гэта апошні шанец для рэалізацыі яе імперскай ідэі, бо Украіну Масква канчаткова згубіла. Наша краіна з яе нерэфармаванай эканомікай і глыбока вынішчанай ідэнтычнасцю крытычна ўразлівая да рэалізацыі планаў «русского мира». Плюс адносіны паміж Лукашэнкам і Пуціным безнадзейна дрэнныя.

Я не хварэю на комплексы пошукаў «ворагаў народа», але не выключаю, што ў электаральнай кампаніі 2020 года таксама рэалізуецца і крамлёўская стратэгія. Час пакажа. Падаўжэнне паўнамоцтваў Лукашэнкі коштам жорсткіх рэпрэсій і відавочных фальсіфікацый прывядзе да непрызнання вынікаў выбараў міжнароднай супольнасцю і, магчыма, да санкцый. Не выключана, што ў падобнай сітуацыі Крамлю ўпершыню будзе выгадна заняць кансалідаваную з Захадам пазіцыю ў ацэнцы кампаніі 2020 года для легалізацыі сваёй «палітыкі прымусу да кахання» ў адносінах да Беларусі і для паляпшэння адносін з Вашынгтонам і Бруселем. Тады барацьба за Беларусь пасля выбараў разгарыцца з новай сілай.

Але хачу падкрэсліць, што незалежнасць і свабоду нам прынясе не перамога аднаго з рэжымаў – мінскага або маскоўскага, – а самі беларусы, і ў першую чаргу новае пакаленне грамадзянскай супольнасці краіны.

– Ніколі раней не было такіх дэманстрацый да пачатку прэзідэнцкіх выбараў. Ці азначае маштаб пратэстаў, што Беларусь абудзілася, ці гэта папросту пратэст «моладзі з інтэрнэту»?

– Падобна на тое, што Аляксандр Лукашэнка дрэнна разумее, што яму пагражаюць не
толькі Пуцін і сеткавыя тэхналогіі, але і яго ўласны народ. Сярод праціўнікаў прэзідэнта ўпершыню так шмат беларусаў з нізкімі даходамі. Рэвалюцыйнай сітуацыі пакуль няма, але ў грамадстве спее цвёрдае жаданне перамен і рэформ. Яно шукае альтэрнатыву, у першую чаргу ў выглядзе адукаванага і кампетэнтнага палітыка. У мэтах змены ўлады беларусы гатовы масава галасаваць нават за палітычных неафітаў, паколькі ўспрымаюць Лукашэнку як прэзідэнта з мінулага. Свет даўно ўступіў у лічбавую эпоху, і ён усё горш разумее свой досыць сучасны і адукаваны народ, больш за 80 працэнтаў якога атрымлівае інфармацыю пераважна з інтэрнэту, а не з анахранічных прапагандысцкіх каналаў БТ.

Маладое пакаленне расчаравана і ўстрывожана бесперспектыўнасцю сваёй будучыні. Кіраўнік дзяржавы – умелы тактык, але за доўгія гады свайго кіравання ён так і не прапанаваў грамадству эфектыўнай стратэгіі развіцця дзяржавы.

– Ці можна, на вашу думку, чакаць пратэстаў пасля выбараў і ці не спатрэбіцца для беларускай моладзі новая Праграма Каліноўскага?

– Праграма Каліноўскага існуе і сёння, яна толькі перафарматавалася, бо на Беларусі ў час дыялогу з Еўрасаюзам зменшыліся рэпрэсіі супраць іншадумства ў акадэмічным
асяроддзі. Але студэнты, якія будуць адлічаны па палітычных матывах, па-ранейшаму могуць прэтэндаваць на атрыманне стыпендый польскага ўрада. Камітэт «Салідарнасць» працягвае працу і адсочвае сітуацыю.

– Паводле звестак праўладнага Цэнтра грамадскай думкі «Ecoom», за Аляксандра Лукашэнку ўжо гатовы прагаласаваць каля 70 працэнтаў выбаршчыкаў. На ваш погляд, наколькі гэта рэальная лічба, улічваючы тое, што ранейшыя незалежныя інтэрнэт-апытанні давалі Лукашэнку ўсяго 3 працэнты падтрымкі?

– Мы адзіная краіна ў Еўропе, дзе забаронены незалежныя сацыялагічныя даследаванні, а вынікі афіцыйнага вывучэння грамадскай думкі часта засакрэчаны. На маю думку, рэальная электаральная падтрымка Аляксандра Лукашэнкі сёння паміж чвэрцю і трэццю галасоў выбаршчыкаў.

– Як падыход Лукашэнкі да змагання з эпідэміяй каранавіруса паўплываў на яго папулярнасць у народзе?

– Папулярнасць відавочна знізілася ў час пандэміі. Большасць беларусаў не падтрымала рашэнне Лукашэнкі далучыцца да кавід-дысідэнтаў і яго прапанову лячыць вірус лазняй, гарэлкай і трактарам. Людзі зараз шырока інфармаваны праз інтэрнэт, яны глядзяць «Еўраньюс», расійскія каналы. Паўсюдна адкрытыя дыскусіі, падрабязныя звесткі, а на беларускіх каналах пра каранавірус, як у рэпартажах з палёў, – суцэльныя дасягненні. Так медыя сёння не працуюць, гэта проста антыпрапаганда. І самае горшае – замоўчванне праўды, асабліва лічбы памерлых. Ніхто не верыць, што ў нас іх у 14 разоў менш, чым у Швецыі, якая таксама не ўводзіла каранцін і мае амаль такую ж колькасць насельніцтва.

Паводзіны ўлады падчас цяжкай пандэмічнай сітуацыі выклікала абурэнне большасці насельніцтва і вывела падчас кампаніі на вуліцы нават раней пасіўных грамадзян.

– Неўзабаве ў Астраўцы плануецца адкрыццё атамнай станцыі – ці можа гэта падзея стаць фактарам выбарчай кампаніі?

– Не думаю, што гэта будзе значным фактарам. Прапаганда часткова спрацавала, і людзі, на жаль, у значнай ступені перасталі адчуваць небяспеку Беларускай АЭС. Асабіста я катэгарычны яе праціўнік.

– Чаму ў вас такое стаўленне да з’яўлення атамнай станцыі ў Беларусі?

– У цывілізаваным свеце ўсё менш будуюць атамных станцый, часцей гэта робяць у Афрыцы. Тэндэнцыя – зялёны свет і аднаўляльныя крыніцы энергіі. Немцы цалкам адмовіліся ад АЭС і прыступаюць да іх ліквідацыі. Мы выбралі горшую з тэхналогій: не французскую, не амерыканскую, а расійскую. Ужо відавочна праблема экспарту электраэнергіі, да таго ж увесь час ствараюцца ўсё больш танныя спосабы яе вытворчасці. Для будаўніцтва АЭС выбрана сейсмічна небяспечная зона. І, урэшце, не існуе надзейнага доўгатэрміновага спосабу захавання адходаў. Дастаткова, думаю.

– 12 ліпеня скончыліся выбары ў Польшчы, перамог цяперашні прэзідэнт Анджэй Дуда. Але ў той самы час амаль палову галасоў атрымаў кандыдат ад апазіцыі Рафал Тшаскоўскі, за якога аддалі галасы выбаршчыкі ў вялікіх гарадах. Грамадства відавочна раскалолася. Ці магчыма такая сітуацыя ў Беларусі на прэзідэнцкіх выбарах?

– Раскол грамадства ў Беларусі існуе даўно, а дзякуючы жорсткім паводзінам сілавых структур ён можа ператварыцца ў варожасць і нецярпімасць. Пасля пандэміі паспяхова выйсці з крызісу змогуць толькі тыя краіны, якія пяройдуць да «новых нармальнасцяў» і «новага мыслення» і пабудуюць у сваіх грамадствах атмасферу адкрытага дыялогу, даверу, празрыстасці і ўзаемапавагі. Без гэтага ніводная ўлада ўжо не зможа вырашаць складаныя эканамічныя, сацыяльныя і культурныя праблемы. А што з іншымі? Яны будуць краінамі трэцяга свету.

– Чым цяпер займаецца Аляксандр Мілінкевіч, былы кандыдат у прэзідэнты? Чаму вас мала чутно ў палітычным жыцці?

– Займаюся адукацыйнай палітыкай у межах Вольнага беларускага ўніверсітэта з дыстанцыйным навучаннем. Вельмі блізкая для мяне тэма з маёй акадэмічнай гісторыі. Нам дапамагае патэнцыял нашай ІТ-краіны, кваліфікаваныя спецыялісты і даступнасць хуткага інтэрнэту. Перашкаджае самаізаляцыя беларускай сістэмы адукацыі, якая пасля выбараў-2020 можа яшчэ больш паглыбіцца.

– Ці збіраецеся вы самі галасаваць на гэтых прэзідэнцкіх выбарах і ці вызначыліся з кандыдатам?

– Вызначуся пазней. І з галасаваннем, і з персонамі.

P.S. Дарэчы, 25 ліпеня Аляксандр Мілінкевіч адзначае свой 73-й год нараджэння. Віншуем!

Міхал Карневіч

Источник: www.nv-online.info

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

Последние новости