Палітык называе правядзенне мітынгу дэманстрацыяй нязгоды і дадае, што ў Беларусі працягвае разгортвацца брутальны сцэнар выбарчай кампаніі-2020. Сярод прыкладаў, па ягоным меркаванні, арышт і крымінальная справа супраць блогера Сяргея Ціханоўскага і яго прыхільнікаў, пераслед паплечнікаў Віктара Бабарыкі, знявагі супернікаў і пагрозы выбаршчыкам з боку кіраўніка краіны.
«Сотні тысяч беларусаў адкрыта выступілі за перамены падчас збору подпісаў. Яны абураны дзеяннямі Аляксандра Лукашэнкі і яго адміністрацыйнага і сілавога апарату. Людзі гатовыя выказаць свой пратэст супраць рэпрэсій і чарговага пераўтварэння выбараў у прызначэнне Лукашэнкі на яшчэ адно пяцігадовае кіраванне Беларуссю», - падкрэсліў Губарэвіч.
Ён нагадаў, што праз шэсць дзён, з завяршэннем этапа збору подпісаў, закончыцца і легальная магчымасць для выхаду людзей на вуліцы. Іншай формай пратэсту можа стаць мітынг прыхільнікаў альтэрнатыўных кандыдатаў, прыкладнымі датамі правядзення якога можа стаць час падачы заяваў на рэгістрацыю кандыдатаў і праверкі подпісаў грамадзян за іх вылучэнне (з 20 чэрвеня па 14 ліпеня).
«Заклікаю альтэрнатыўных кандыдатаў арганізаваць супольны мітынг, каб прыхільнікі перамен мелі магчымасць выказаць сваю нязгоду з тым бязмежжам, якое ўлады твораць падчас выбарчай кампаніі, і запатрабаваць сумленных выбараў. Я гатовы выступіць адным з заяўнікаў правядзення такога масавага мерапрыемства», - заявіў Губарэвіч.
Па ягоных словах, «дзясяткі тысячаў прыхільнікаў пераменаў у адным месцы, аб'яднаных адной мэтай, - гэта найлепшы адказ на прававое бязмежжа, якое робіць сённяшняя ўлада».