«Па факту забруджання летам 2019 рэчак Дзітва і Нёман Следчым камітэтам Лідскага раёна была распачата крымінальная справа. Паралельна з гэтым журналісцкае раследаванне выявіла наўпроставую сувязь паміж экалагічнай катастрофай Дзітвы і Нёмана і злівам нечыстот Лідскім ЖКГ. Але, неўзабаве крымінальная справа была спыненая», — нагадаў сайту mff.by Вітольд Ашурак.
Па ягоным меркаванні, «гэты дэмарш Следчага камітэту Лідскага раёна ставіць пад пытанне гарантыю бяспекі і здароўя грамадзян».
«Злачынца, які аддаваў загад на зліў нечыстот не знойдзены і не пакараны. Перарваны ланцужок, на якім грунтуецца грамадская бяспека — злачынства-пакаранне. Такая сітуацыя непрымальная, бо правакуе хаос і ўмацоўвае недавер грамадства да дзяржаўных устаноў», — падкрэсліў абласны каардынатар Руху.
Ён нагадаў, што праз загад чыноўніка было цалкам знішчанае усё жывое ў рацэ Дзітва на працягу 20 км.
«Але я перакананы, што за кожнае злачынства павінна быць адпаведнае пакаранне. Толькі такім чынам мы можам гарантаваць, што такія выпадкі халатнасці будуць немагчымымі. Таму сёння быў накіраваны афіцыйны ліст у лідскую пракуратуру з патрабаваннем праверкі рашэння аб спыненні крымінальнай справы», — заключыў Вітольд Ашурак.