Гэтай прэміяй з 2016-га году ўганароўваюць актывістаў за арганізацыю выбітных рэгіянальных ініцыятываў. Хрыстафор Жаляпаў атрымаў узнагароду за правядзенне ў Віцебску канферэнцыі “Беларуская дзяржаўнасць. Гісторыя і сучаснасць”, прысвечанай станаўленню незалежнасці краіны і неабходнасці супрацьстаяць захадам так званага “рускага свету”.
Небяспека ўплываў прарасейскіх настрояў існуе і цяпер, лічыць Хрыстафор Жаляпаў:
– “Расейскі свет” не супакойваецца, і таму наша дзейнасць – і тая канферэнцыя, і ўсё, што мы робім пасля канферэнцыі, ёсць дэманстрацыяй нашай пазіцыі. Прабачце, але мы не хочам жыць з вамі жыць у адной краіне. Мы гатовы з вамі сябраваць, але ў вас – свая хата, а ў нас – свая хата.
Напярэдадні Дня роднай мовы з ініцыятывы Хрыстафора Жаляпава былі дасланыя лісты ва ўніверсітэт імя Машэрава і ў аддзел культуры Віцебскага аблвыканкаму. Кіраўнікам нагадалі пра мінулагодні скандальны выпадак, калі ў Міжнародны дзень роднай мовы ў навучальнай установе прайшлі імпрэзы, прысвечаныя расейскай мове, прафінансаваныя расейскім фондам “Русский мир”.
У адказе Пятра Падгурскага, кіраўніка абласнога аддзела культуры, гаворыцца пра гатоўнасць папулярызаваць родную мову і нават прыгадваецца асабісты ўдзел віцебскіх чыноўнікаў у напісанні агультнанацыянальнай дыктоўкі.
Ганна Ліпка