У мінулым годзе з ініцыятывы Ларысы Шчыраковай гісторыкі, журналісты і проста неабыякавыя гамельчукі распачалі грамадскую кампанію «Забітыя і забытыя». Старт кампаніі быў дадзены на мясцовай ток-пляцоўцы «Медыяпрастора». Было вырашана разам дамагацца даследавання і годнага ўшанавання месцаў масавых расстрэлаў мірных грамадзян у ваколіцах Гомеля ў 30–40-я гады ХХ стагоддзя.
Гаворка найперш пра расстрэлы, які ўчынялі карнікі НКУС у Шчакатоўскім і Бутулінскім лясах, што абапал Чарнігаўскай шашы. Ёсць сведчанні, што забівалі мірных жыхароў і ў Ляшчынскім лесе, які цяпер знаходзіцца ў межах горада паміж вуліцай Барыкіна і Рэчыцкім праспектам.
Сабраныя сотні подпісаў гараджан пад зваротамі да Гомельскіх абласнога і гарадскога выканкамаў, пракуратуры, рэгіянальных упраўленняў Следчага камітэта і КДБ аб даследаванні і правядзенні раскопак масавых пахаванняў.
З ініцыятывы кампаніі ладзіліся сустрэчы з гісторыкамі, даследчыкамі масавых рэпрэсій камуністычных часоў Ігарам Кузняцовым і Мікалаем Крывальцэвічам. Збіраюцца архіўныя звесткі пра рэпрэсіі, запісваюцца відэа- і аўдыясведчанні сваякоў рэпрэсаваных беларусаў. Напрыканцы студзеня ўдзельнікі кампаніі зладзілі ў Бутулінскім лесе адмысловую арт-акцыю.
«Я радая, што наша кампанія „Забітыя і забытыя“ стала заўважнай у краіне, што тэму масавых рэпрэсій у сталінскія часы ўдалося вярнуць у грамадскі дыскурс. Беларусь — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе гэтая тэма не даследуецца на дзяржаўным узроўні. У нас няма нават афіцыйных звестак пра колькасць рэпрэсаваных грамадзян, хоць трагедыя закранула сотні тысяч беларускіх сем’яў. Мой прадзед Рыгор Кавальчук, які жыў у Нараўлянскім раёне, таксама быў рэпрасаваны», — зазначыла ў гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА «БАЖ» лаўрэатка прэміі імя Сырыцы, журналістка Ларыса Шчыракова.
Актывісты кампаніі «Забітыя і забытыя» дамагаюцца, каб расстрэльныя месцы мелі ахоўны статус і адпаведныя мемарыяльныя знакі.