– Напэўна, аршанскія чыноўнікі вельмі добра чыталі Уладзіміра Караткевіча, «Зямлю пад белымі крыламі». Дзе ён піша, што Бог даў беларусам прыгожыя рэкі, багатыя лясы, цудоўную райскую прыроду. А каб беларусам не падавалася, што яны жывуць у раі, то Бог даў ім самае кепскае ў свеце начальства.
Пэўна, аршанскія ўлады і хочуць быць такімі, як пісаў Караткевіч – самымі дрэннымі!
Нават прапанова зрабіць указальнікі да караткевіцкіх мясцін на роднай мове выклікала адкрыты супраціў намесніка старшыні гарвыканкама, працягвае Юрый Нагорны:
– Так, ён даў распараджэнне, каб такія былі ўказальнікі. Я тут і кажу: «Спадзяюся, яны будуць на дзвюх дзяржаўных мовах, на беларускай і расейскай?» Адказвае: «Не! Мы іх робім для расейцаў, якія прыязджаюць у наш горад». А беларусам беларуская мова не патрэбная? Нашы чыноўнікі не хочуць пускаць родную мову ў горад Караткевіча. Я лічу, гэта плявок у памяць самога Уладзіміра Сямёнавіча.
У наступным годзе Беларусь будзе адзначаць 90-годдзе знакамітага пісьменніка, які ў сваіх творах паказаў беларусам, што яны – беларусы, і з поўным правам могуць ганарыцца слаўнай гісторыяй сваёй краіны.
Аршанская рада ТБМ даслала ў райвыканкам каля двух дзясяткаў прапаноў, як годна адзначыць юбілей Уладзіміра Караткевіча. Але ці будуць яны прынятыя, ці зноўку праігнараваныя?
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя