Ён нарадзіўся ў Калінінградзе. Туды некалі накіравалі працаваць ягоную маці, якая родам з Магілёўскай вобласьці. Яна выйшла замуж за расейца, нарадзіла сына. Маленькага Яраслава на лета пастаянна адпраўлялі да бабулі ў вёску Хватаўка Бялыніцкага раёну, там ён і авалодаў беларускай мовай.
7 гадоў таму Яраслаў пераехаў жыць у Беларусь. Цяпер вучыцца на апошнім курсе Магілёўскага філіялу Беларускага інстытуту правазнаўства. Калі скончыць — адразу забяруць у войска.
«Я не баюся службы ў войску. Нічога б ня меў супраць, каб мяне там сапраўды навучылі Айчыну абараняць. Але калі размаўляеш з тымі, хто служыў у арміі, адразу ж зьнікае жаданьне ісьці служыць. Як толькі споўніцца 27, адразу ж буду падаваць на беларускае грамадзянства», — прызнаецца Яраслаў.
Займаўся на магілёўскіх курсах «Мова нанова». На перапісе роднай мовай, якой авалодаў у дзяцінстве, і мовай зносінаў назваў беларускую.
«Перапісчыца запыталася па-расейску, а я адказаў па-беларуску. Жанчына сказала, што да гэтага яна не гатовая, спрабавала адкрыць у пляншэце анкету на беларускай мове, але чамусьці частка пытаньняў там была па-беларуску, а частка — па-расейску. Я на ўсе пытаньні адказаў па-беларуску».