«Кампанія прайшла вельмі сціпла, насельніцтва амаль яе і не заўважыла. Актыўнай работы, праўда, я не праводзіў, акрамя публікацый у дзяржаўных СМІ. Няма сэнсу. Таму што акрамя стандартнага набору слоў на тэлебачанні сказаць нічога не дазволяць: выражуць, або здымуць з гонкі», — адзначыў Алесь Шчамлёў.
Ён упэўнены, што людзям «гэтыя выбары абыякавыя», яны вялі сябе пасіўна, улады праводзілі пагалоўны абход і аб’езд. Асноўная прычына ў тым, што «беларусы не спадзяюцца праз іх палепшыць сваё жыццё».
«Хаця мяне ў раёне добра ведаюці і ставяцца да маёй дзейнасці станоўча, праграму ўхваляюць, але не вераць, што „прапусцяць“. Так ужо было, калі не прапусцілі ў сельсавет», — прыгадаў сябра Руху.
Вынікі палітык называе міфам. «Працэнты праўладнаай кандыдаткі, якая нібыта „перамагла“, — яўна завышаныя (67%). Мне паставілі 3,76%. Добра яшчэ, што не меней аднаго», — адзначыў Шчамлёў.
Далей сябра Руху «За Свабоду» плануе ўдзельнічаць у мясцовых выбарах.
Алесь Шчамлёў адзіны, хто вёў кампанію на акрузе на беларускай мове. У ягонай праграме было 11 асноўных прапановаў:
1. Найперш, трэба скасаваць інстытут прэзідэнцтва — гэта зменшыць бюракратычны апарат. Як паказала гісторыя, каго не абяры прэзідэнтам — ён пачынае ўмацоўваць сваю ўладу і падаўжаць тэрмін праўлення. Беларусь павінна быць парламенцкай рэспублікай пад кіраваннем прэм’ер-міністра, якога выбіраюць дэпутаты.
2. Бюджэт мусіць быць падкантрольны парламенту, а не выканаўчай уладзе.
3. Выступаю за сумленныя і справядлівыя выбары! Датэрміновае галасаванне трэба адмяніць. У камісіях павінны працаваць прадстаўнікі палітычных партый, а не прызначаныя начальствам залежныя бюджэтнікі. Для удзелу ў выбарах трэба прыйсці загадзя на ўчастак і зарэгістравацца.
4. Я — за адмену кантрактнай сістэмы для працаўнікоў бюджэтных і дзяржаўных арганізацый. Кантракты заключаць з кіраўнікамі, а работнікам — гарантаваную працу за годны заробак!
5. Я — за спрашчэнне працэдуры рэгістрацыі прадпрымальнікаў, адмену празмернага ліцэнзавання, кватавання, а таксама супраць драконаўскіх штрафных санкцый. Буду змагацца за рэальную роўнасць усіх форм уласнасці.
6. Буду выступаць за адмену дэкрэту № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Фактычна гэта паборы з беспрацоўных, якія страцілі надзею знайсці працу, якой у правінцыі найчасцей проста няма!
7. Сельскім раёнам прыярытэтную падтрымку! Жыхары глыбінкі павінны мець права на тыя ж сацыяльныя стандарты, што і гарадскія жыхары.
8. Я — супраць павышэння пенсійнага ўзросту! Мужчыны павінны сыходзіць на пенсію ва ўзросце 60 гадоў, жанчыны ў 55. Мінімальны працоўны стаж для атрымання пенсіі павінен быць 10 гадоў. Памер сацыяльнай пенсіі — не ніжэй за мінімальны спажывецкі бюджэт.
9. Я — за развіццё мясцовага самакіравання! Кіраўнікі раёнаў, абласцей і гарадоў павінны наўпрост выбірацца насельніцтвам, а не прызначацца зверху. Гэта сусветная практыка і лепшага кантролю грамадства за ўладай яшчэ не прыдумана.
10. Выступаю за стварэнне спрыяльных умоў для замежных інвестыцый, за прыцягненне вядучых сусветных кампаній да мадэрнізацыі і тэхналагічнага пераабсталявання адсталай беларускай прамысловасці.
11. Я — за адмену палітычнай цэнзуры ў СМІ. Людзі павінны ведаць праўду пра тых, хто імі кіруе.