Арганізатары святкавання
Чаму і як абралі для святкавання Кіеўскі сквер, чытайце тут
Што адбылося 24 сакавіка ў Мінску
Арганізатары прынялі рашэнне правесці канцэрт і мітынг на адной пляцоўцы.
У межах канцэрту выступілі N.R.M., «Дай дарогу!», «Разбітае сэрца пацана», «Водар», Kas, «Няхай».
Галоўнай тэмай выступаў палітыкаў і грамадскіх дзеячоў была тэма абароны незалежнасці Беларусі. На сцэну ў Кіеўскім скверы выйшлі прадстаўнікі арганізатараў — старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч, першы намеснік старшыні Руху Алесь Міхалевіч, сябра Рады Руху Мікіта Семяненка, сустаршыні БХД Віталь Рымашэўскі, Вольга Кавалькова і Павел Севярынец, старшыня БСДП Ігар Барысаў, в.а. старшыні АГП Мікалай Казлоў.
А таксама дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая і Алена Анісім, кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, грамадскі дзеяч Зміцер Дашкевіч, былы кіраўнік ТБМ Алег Трусаў, мастакі Алесь Марачкін і Алесь Пушкін.
На пляцоўцы былі ўсталяваныя намёты палітычных структураў. А таксама можна было набыць сувеніры з нацыянальнай сімволікай, працавала дзіцячая зона, фудкорт.
Агулам мерапрыемства працягвалася з 13.00 да 19.00 — 6 гадзінаў.
Незалежнасць у небяспецы
«Больш за сотню гадоў таму бацькі-заснавальнікі БНР знаходзіліся ў вельмі складаных умовах. Тым не менш, яны знайшлі ў сабе сілы і волю, каб заявіць пра стварэнне новай беларускай дзяржавы. Гэтую надзею яны пакінулі нам у спадчыну. Дзякуючы гэтаму мы маем незалежную дзяржаву», — звярнуўся са сцэны да ўдзельнікаў святкавання Юрый Губарэвіч.
Але сённяшнія ўлады, дадаў палітык, здаюць нашу незалежнасць, наш суверэнітэт, падпісваюць дамову пра стварэнне Саюзнай дзяржавы з імперскай Расіяй. «Яны не пытаюць нас, ці хочам мы жыць у гэтай дзяржаве і залежыць як палітычна, так і эканамічна ад усходняй суседкі», — палітык звярнуўся да ўдзельнікаў з пытаннем ці патрэбная ім Саюзная дзяржава і атрымаў упэўненае: «Не!»
«Праз 100 гадоў ад абвяшчэння незалежнасці БНР у нас ёсць свая незалежная дзяржава, тая абалонка, якую нам трэба напоўніць рэальным беларускім зместам», — звярнуўся да ўдзельнікаў Алесь Міхалевіч.
Ён павіншаваў, што хапіла моцаў для некалькіх вялікіх святкаванняў. «Праз некаторы час бел-чырвона-белыя сцягі залунаюць як афіцыйныя дзяржаўныя сцягі Рэспублікі Беларусь. І такія святкаванні будуць у кожным горадзе краіны», — заявіў Міхалевіч.
Адзначалі Дзень Волі і іншых гарадах Беларусі, і за яе межамі, шмат у іх якіх з іх сябры Руху «За Свабоду» былі арганізатарамі ці актыўнымі ўдзельнікамі: Гродна, Магілёў, Шклоў, Ліда і Бярозаўка, Гомель, Глыбокае, Віцебск, Полацк і г.д.