Актывіст Руху быў кандыдатам на мясцовых выбарах 2018 года і назіраў за працэсам падліку. Пасля яго сканчэння старшыня выбаркама Юнга Т. агучыла вынікі і вывесіла пратакол, дзе былі 13 подпісаў членаў камісіі. Але ў Слонімскую раённую выбарчую камісію «быў накіраваны падложны дакумент – пратакол з іншымі лічбавым звесткамі і другой колькасцю подпісаў членаў выбарчай камісіі», - сказана ў скарзе, якую на сустрэчы перадаў Лаўрыновічу Масюк.
Па дадзеных актывіста Руху заявы аб здзяйсненні злачынстваў ён падаваў у пракуратуры Слонімскага раёна і Гродзенскай вобласці, Следчы камітэт, але гэта не прывяло да правядзення праверкі па справе. «У маіх заявах аб злачынствах прадстаўлены доказы гвалту і падробкі і яны нікім не аспрэчваюцца», - падкрэсліў Алесь Масюк.
Ён лічыць, што такія дзеянні праваахоўных органаў «падобныя на змову з мэтай схавання злачынства». Актывіст папрасіў у памочніка прэзідэнта дапамогі ў правядзення разбіральніцтва па справе.
Справа парушэнняў на выбарах была абмеркаваная пад час асабістай сустрэчы з Лаўрыновічам. Мясцовыя чыноўнікі спрабавалі патлумачыць «лішні подпіс» на пратаколе тым, што нехта распісаўся машынальна, называлі праблему тэхнічнай апіскай.
«Як я зразумеў, ніхто нічога рабіць не будзе. У выніку памочнік прэзідэнта сказаў, што няма падставаў не давяраць праваахоўным органам. Але заяву я яму перадаў, думаю, па выніку атрымаю адпіску», - адзначыў сябра Руху «За Свабоду».