Мінскі абласны каардынатар Руху «За Свабоду» Віталь Амяльковіч падаў 7 сакавіка ў Слуцкі райвыканкам заяву з прапановай уладам далучыцца да святкавання 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Па ягоных словах, актывісты будуць таксама рыхтаваць і свае мерапрыемствы.
«Заява — гэта пэўны тэст мясцовых уладаў, як яны аператыўна рэагуюць на адпаведныя рухі і змены па стаўленні да юбілею абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, якое быццам бы дэманструе ўлада вышэйшага ўзроўню», — сказаў тады Віталь Амяльковіч.
«Мерапрыемстваў з нагоды 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі на 25 сакавіка і на працягу 2018 года райвыканкамам не запланавана. Стварэнне рэгіянальнага арганізацыйнага камітэта па арганізацыі святочных мерапрыемстваў не прадугледжана», — сказана ў адказе Амяльковічу за подпісам намесніка старшыні райвыканкама Л. Дабравольскай.