Вечарыну памяці апошняга прэзідэнта Чэхаславакіі і першага Чэхіі з 2012 году традыцыйна арганізуе ў Мінск Рух «За Свабоду». Імпрэза збірае вядомых людзей Беларусі, палітыкаў і творчых дзеячоў.
Гавел заўсёды памятаў пра Беларусь, нагадаў Губарэвіч, адзін з апошніх лістоў, які ён накіраваў перад смерцю, быў у падтрымку беларускіх палітвязняў.
«Мы шмат разважаем, ці хутка прыйдуць перамены ў Беларусь. Як яны павінны адбыцца, можна пачуць сто рэцэптаў гэтага, але невядома, які з іх правільны. У выпадку, калі мы будзем кіравацца прынцыпам, агучаным Вацлавам Гавелам, - жыць у праўдзе, то яны абавязкова будуць», - дадаў старшыня Руху «За Свабоду».
Біяграфію Гавела прадставіў удзельнікам амбасадар Чэхіі Мілан Экерт. Ён нагадаў, што ў свой час палітык меў забарону на атрыманне адукацыі ў Чэхаславакіі і пра ягоны шлях у палітыцы.
Гавел быў ідэйным чалавекам, прыкладам сумлення, які быў сумленны і перад сабой, адзначыў заснавальнік Руху «За Свабоду», сябра Рады арганізацыі Аляксандр Мілінкевіч. Па ягоных словах, чэшскі палітык быў упэўнены, што краіну трэба змяняць мірна.
«Гэты чалавек з словам «праўда» прайшоў праз увесь шлях, і гэтым яго заслуга. Ён цярпець не мог цынізму ў палітыцы, а яго шмат. Ён цярпець не мог паказуху, гульню ў палітыку. Я думаю, што патрэба, запыт на такіх палітыкаў, праўдзівых, як Гавел, шчырых сапраўдных, будзе заўсёды. Дай Бог, каб у нас такія палітыкі былі», - дадаў Мілінкевіч.
«Сёння сітуацыя вымагае прысутнасці ў Беларусі не самага знакамітага чэха Гавела, а не менш знакамітага салдата Швейка. Гэты чалавек вельмі лёгка адаптаваўся да такой рэчаіснасці. А Гавел меў бы складанасці ў тым свеце, які называецца беларускім», - лічыць палітык, паэт Уладзімір Някляеў.
Гавела сёння ненавідзяць ворагі дэмакратыі, адзначыў першы кіраўнік Беларусі, палітык Станіслаў Шушкевіч. «Вацлаў Гавел памёр прыкладна ў адзін час з дыктатарам, кіраўніком КНР Кім Чэн Ірам, і расійскае кіраўніцтва накіравала спачуванні Карэі, а Чэхіі толькі амбасадар. Але ёсць сапраўдныя людзі, якія паважаюць заслугі Гавела», - дадаў Шушкевіч.
Пра сваю сустрэчу з Гавелам распавяла сябра Рады Руху «За Свабоду» Іна Кулей. «Ад яго сыходзіла энергія жыцця і праўды», - адзначыла яна.
Беларусам не варта называць аэрапорт імём Францыска Скарыны, аэрапорт павінны насіць імя чалавека, які зробіць хаця б частку таго, што зрабіў Вацлаў Гавел, адзначыў былы кандыдат у прэзідэнты, сябра Руху «За Свабоду» Алесь Міхалевіч.
«І цешуся за чэхаў, што ў іх такі аэрапорт - аэрапорт імя Гавела ёсць», - заключыў ён.
Вечарыну завяршыла віктарына і канцэрт спявака Змітра Вайцюшкевіча.