«Мы марым пра свабоду, без свабоды не будзе людзей. Але свабода пачынаецца з сябе, пачынаецца са свабоды думкі», — заявіў на цырымоніі ўручэння прэміі, яе заснавальнік, сябра Рады Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.
Мілінкевіч нагадаў, што сёння не ўсе лаўрэаты прэміі з намі, трое адышлі — Рыгор Барадулін, Алесь Белакоз і Ніл Гілевіч, а таксама прапанаваў прыгадаць хвілінай маўчання памяць сястры Васіля Быкава Валянціны.
Вядучы прэміі стаў лаўрэат, бард Віктар Шалкевіч. Ён таксама выканаў некалькі сваіх песняў, перад глядачамі выступіў малады гурт "Сумарок" з Полацку.
«Напомню, што хаця Рух „За Свабоду“ з’яўляецца арганізатарам прэміі, не мы абіраем лаўрэата, — адзначыў Мілінкевіч. — Яго абіраюць лаўрэаты мінулых гадоў».
Па ягоных словах, кожны раз выбар лаўрэата суправаджаецца жорсткай дыскусіяй, не быў выключэннем і гэты год, але новы лаўрэат перамог з заўважным адрывам.
«Мы будзем яшчэ ўручаць прэмію „За свабоду думкі“ ў Палацы рэспублікі», — заключыў заснавальнік прэміі.
«Гілі адлятаюць, але ніколі дрэва беларускасці не бывае пустым. Адны гілі адлятаюць, другія прылятаюць», — метафарычна пракаментаваў уручэнне прэміі новаму лаўрэату паэт і палітык Уладзімір Някляеў.
Агучыла імя лаўрэат прэміі, краязнаўца Ада Райчонак.
«Не было ніякіх сумневаў, што лаўрэатам прэміі стане малады, прыгожы, таленавіты палітык, які прайшоў праз лукашэнкаўскія турмы і не зламаўся. Гэта ён арганізаваў абарону Курапатаў. Чалавек, які з’яўляецца героем нашага часу. Ён ужо ўвайшоў у гісторыю нашага часу. Мы яго вельмі любім! Гэта Зміцер Дашкевіч», — адзначыла яна.
Ада Райчонак пажадала моладзі любіць Беларусь так жа моцна і змагацца за яе так жа, «як змагаецца наш Дзіма».
Грамадскі дзяяч Зміцер Дашкевіч падзякаваў за гонар. Ён заклікаў усвядоміць сваю слабасць і прызнаць рэальны стан рэчаў, і за кошт гэтага стаць моцным: «калі я слабы — тады я моцны».