Суддзя Аляксей Іршын не задаволіў хадайніцтваў Губарэвіча пра выклік у суд у якасці сведак старшыні АГП Анатоля Лябедзькі і сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага, на вядзенне фота- і відэаздымкаў. Пасля яшчэ аднаго хадайніцтва старшыні Руху быў выкліканы дзяжурны адвакат, яны атрымалі час для азнаямлення са справай.
Іршын зачытаў, што Губарэвіч абвінавачваецца па арт. 23.34 ч. 3 (арганізацыя ці ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, якія былі здзейсненыя паўторна). Па словах суддзі, лідар Руху ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве і «з дапамогай вуснай мовы выкрыкваў лозунгі» «За адмену Дэкрэта № 3 прэзідэнта «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства!».
Губарэвіч не прызнаў сабе вінаватым, хаця згадзіўся з тым, што ён быў на плошчы, удзельнічаў у акцыі.
«Рашэнне пра арышт — гэта спроба ізаляцыі, асабліва напярэдадні акцыяў пратэста 15 і 25 сакавіка», — сказаў сайту Pyx.by Юрый Губарэвіч.
Па ягоных словах, у Маладзечна супраць пратэстоўцаў дзейнічалі дастаткова жорстка: затрымлівалі людзей, якія проста выступалі, ішлі ў першых шэрагах пад час шэсця. Па адміністрацыйных справах, адзначыў Губарэвіч, праходзяць 15 чалавек.
«Мэтанакіравана пад’ехала мінскае ўзмацненне, удзельнікаў лавілі на падыходах да дому, выцягвалі з таксі. Цэлая аперацыя па запалохванню ўдзельнікаў маршу», — дадаў старшыня Руху.
Ён лічыць, што затрыманні лідараў не саб’юць хвалю грамадскага пратэсту. «Асноўны матыў людзей, якія выходзяць на вуліцу — незадавальненне ўладамі, не важна ў якой форме. У людзей настолькі накіпела, што яны не хочуць трымаць ў сабе і гатовыя выходзіць на вуліцы», — дадаў Губарэвіч.
Старшыня Руху лічыць памылкай уладаў затрыманне палітычных лідараў, бо гэта пакідае акцыі без адказных за іх людзей і робіць абсалютна непрадказальнымі.
Актывіст АГП Дзяніс Красачка атрымаў штраф 50 базавых, Аляксандр Панамароў, жыхар Маладзечна, арыштаваны на 10 сутак, Вольга Кавалькова — на 7 сутак. Астатнія прысуды пакуль невядомыя.