Нагорная ініцыіравала збор подпісаў за ўсталяванне ў Слуцку помніка героям Слуцкага збройнага чыну у канцы лістападу. Аналагічны збор подпісаў пад анлайн-петыцыяй вёўся больш за месяц з пачатку 2017 года на рэсурсы Zvarot.by.
Усе гэтыя подпісы былі перададзеныя ў Слуцкі выканкам 7 лютага сябрамі Рады Руху «За Свабоду» Алесем Лагвінцом і Алінай Нагорнай.
Перад падачай подпісаў ініцыятары збору былі на прыёме ў старшыні Слуцкага раённага савету дэпутатаў Віктара Ражанца, распавяла сайту Pyx.by Аліна Нагорная.
«Падалі подпісы, плануем на прыём да дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў ад Слуцку», — дадала яна.
У суправаджальным лісце да паданых подпісаў ініцыятары акцыі прапануюць стварыць пры выканкаме грамадскі камітэт, у які увайшлі б прадстаўнікі мясцовых уладаў і саветаў дэпутатаў, а з другога — гісторыкі, культурныя і грамадскія дзеячы, якія падтрымалі ідэю ўсталявання помніку. Задача грамадскага камітэту — шырокае абмеркаванне і інфармаванне пра значэнне Слуцкага збройнага чыну, прыняццё прапановаў па выглядзе помніку і актыўная дапамога ў пошуку сродкаў на яго ўсталяванне.
Нагадаем, што паралельна праходзіць кампанія па перайменаванні вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў, якую ініцыяваў каардынатар Руху «За Свабоду» ў Мінскай вобласці Віталь Амяльковіч. У межах яе ў Слуцкі выканкам яшчэ ў лістападзе 2016 года былі перададзеныя 550 подпісаў, акрамя таго, 1 лютага быў накіраваны яшчэ 641 подпіс, сабраны пад анлайн-петыцыяй.
(фота з Facebook Аліны Нагорнай)