
Чаму прэмія называецца менавіта за свабоду думкі, патлумачыў удзельнікам старшыня Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч. Па ягоных словах, думка заўсёды павінна стаяць перад дзеяннем і свабода думкі быць першаснай. Чалавек, які свабодны ў сваіх думках, здольны на годныя і адважныя ўчынкі, дадаў старшыня Руху.
«У мяне ёсць надзея. Яна, пэўна, не спраўдзіцца пры маім жыцці», — адзначыў у выступе лаўрэат Валер Мазынскі. Па ягоных словах, ён спадзяецца, што пры з’яўленні пагрозы для Беларусі ўсе беларусы, аб’яднаўшыся, стаўшы побач адзін з адным, выратуюць краіну.
Прэмія уручаецца Рухам «За Свабоду» выбітным беларусам, пераможцу абірае журы з ліку лаўрэатаў мінулых гадоў. Лаўрэатамі прэміі станавіліся Рыгор Барадулін, Уладзімір Арлоў, Павел Севярынец, Алесь Пушкін, Ада Райчонак, Уладзімір Някляеў, Лявон Вольскі і Алесь Белакоз, Зміцер Вайцюшкевіч і Алесь Марачкін, Віктар Шалкевіч, Ніл Гілевіч.