«Захоўваць чысьціню — значыць шанаваць і выкарыстоўваць нашыя нацыянальныя сімвалы і не прымаць чужых, хай сабе і сяброўскай нам краіны. Мы павінны быць адметнымі ў сьвеце праз сваю мову і нашыя спрадвечныя і гістарычныя сімвалы і знакі», — распавёў сайту Pyx.by старшыня баранавіцкай суполкі Уладзімір Гундар.
Грамадская кампанія баранавіцкіх актывістаў, па іх словах, мае дзве задачы: данесці да Баранавічанаў інфармацыю пра Рух «За Свабоду», давесці людзям, што «кaларадская» (гэтак званая «георгіеўская») стужка з’яўляецца сімвалам сучаснага расійскага імперыялізму і прапаганды вайны.
«Мы любім чысціню, мы да яе прывыклі і мы будзем чысціню наводзіць і падтрымліваць у сваім доме Беларусі!» — падкрэсліў Гундар.
«Ведаю, што не ўсе, хто ўпрыгожвае свае машыны каларадскімі стужкамі, з’яўляюцца прыхільнікамі так званага „рускага свету“, некаторыя робяць гэта з пустога пераймання, нехта бачыць у гэтым нешта моднае, камусьці проста падабаецца такі дэкор», — адзначыў сябра Руху «За Свабоду» Юры Казакевіч.
Па ягоных словах, гэтыя людзі не бачаць у гэтым сімвале нічога кепскага, не ўспрымаюць як сімвал імперыялістычнай пагрозы, якая сыходзіць ад суседняй краіны. «Як правіла, пасля спакойнай размовы такія людзі здымаюць стужкі і больш іх не выкарыстоўваюць. Ёсць, канечне, і іншыя, якія нахабна дэманструюць, што з гатоўнасцю стануць на бок агрэсара пры першай магчымасці», — адзначыў актывіст Руху.
Ён прапануе, каб паменшыць колькасці першых і паменшыць нахабства другіх друкаваць прапанаваныя малюнкі (на аркушы А4 змяшчаюцца чатыры такіх, а на зваротным баку можна друкаваць вытрымкі з статуту Руху «За Свабоду»).
«Лічу неабходным размяшчаць улёткі толькі ў дазволеных месцах — на афішных тумбах і дошках абвестак, а таксама падкладваць пад „дворнікі“ на машыны з каларадкамі», — заключыў Казакевіч.