
Госць сямнаццатай перадачы «Як прайшла выбарчая кампанія 2015 і што нас чакае ў 2016?» Каардынатар кампаніі назірання за выбарамі «Права выбару-2015», каардынатар Руху «За Свабоду» па Магілёўскай вобласці Алесь Сілкоў. Вядучыя перадачы — журналісты Ігар Барысаў і Алесь Буракоў.
Прэзідэнцкую кампанію, адзначыў Сілкоў, можна ахарактарызаваць двума «не»: нясумленная і недэмакратычная — і цалкам сфальсіфіцыраваная.
Па ягоных словах, сістэма фальсіфікацый дасягнула такога росквіту, што дазваляе праводзіць выбары «без удзелу выбаршчыкаў».
«Беларусь хацела паказаць, што адбываюцца сумленныя і дэмакратычныя выбары, не змяняючы саму сутнасць. АБСЕ гэта заўважыла», — патлумачыў Алесь Сілкоў.
Ён лічыць, што ў сітуацыі, якая склалася сёння, мы павінны нарэшце пабачыць рэальнае аб'яднанне прыхільнікаў пераменаў, ён лічыць. што будзе два вялікіх блока - блок спадарыні Таццяны Караткевіч і "нармальны блок, адзіны спіс дэмакратычных кандыдатаў".
Сілкоў плануе адстойваць правядзенне рэгіянальных кангрэсаў дэмакратычных сілаў, на якіх яны маглі б высунуць свайго кандыдатаў і працаваць, выйсці да агульнага спісу кандыдатаў.
"Трэба правесці кампанію такім чынам, каб ужо зараз ішла барацьба за розумы грамадзянаў", - заключыў каардынатар "Права выбару" Алесь Сілкоў.