Жак Фарэ высока ацаніў мэты і задачы кампаніі назірання «Права выбару-2015», а таксама выказаў зацікаўленасць у максімальна аператыўным атрыманні інфармацыі ад кампаніі, якую праводзяць беларускія палітычныя арганізацыі. Паводле яго гэта будзе спрыяць аб’ектыўнай ацэнцы таго, як праходзяць выбары ў Беларусі.
У сустрэчы прымалі ўдзел сукаардынатар кампаніі, кіраўнік філіі Руху «За Свабоду» ў Магілёўскай вобласці Аляксандр Сілкоў і сукаардынатар кампаніі Дзяніс Садоўскі.
Садоўскі лічыць, што вынікі назірання за выбарамі міжнароднай місіяй АБСЕ з’яўляюцца найбольш аб’ектыўнымі, прафесійнымі і ні ў кога не выклікаюць сумневу.
— Ацэнка місіі АБСЕ найбольш важная для нас, бо менавіта ад вынікаў іх справаздач залежаць далейшыя стасункі міжнароднай дэмакратычнай супольнасці з уладамі Беларусі. Таму кампанія назірання «Права выбару-2015» будзе своечасова інфармаваць пра парушэнні, калі такія будуць мець месца, падчас правядзення выбараў на выбарчых участках, дзе будуць знаходзіцца нашы назіральнікі, -гаворыць Дзяніс Садоўскі.
У кампанію па назіранні за выбарамі «Права выбару-2015» уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, «Гавары праўду!», «Рух «За Свабоду!», Партыя БНФ, Беларуская партыя «Зялёныя», незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.
Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаванне на іх.