Сябры ініцыятыўных групаў дзейнага прэзідэнта збіраюць подпісы, выкарыстоўваючы адміністрацыйны рэсурс, і гэтаму, паводле каардынатара Руха «За Свабоду» і кампаніі «Права выбару» па Гарадзенскай вобласці Сяргея Трафімчыка, з’яўляецца ўсё больш доказаў:
— У Бярозаўцы выпадак: адзін з начальнікаў ЖЭСа сабраў дворнікаў, раздаў ім падпісныя лісты і сказаў, каб тыя абышлі людзей і сабралі подпісы. Гэтыя дворнікі ў сваёй большасці — паднявольная маса, яны сабралі гэтыя подпісы. І калі інфармацыя прасачылася, то падпісныя лісты, наколькі я ведаю, былі ліквідаваныя.
Мая знаёмая працуе настаўніцай. Ёй загадалі сабраць 400 подпісаў. Яна ходзіць па кватэрах і ўпрошвае людзей падпісацца. Бо ў адваротным выпадку, калі не збярэ гэтыя 400 подпісаў, вынікі будуць прадказальныя.
Міжпартыйная кампанія па назіранні «Права выбару» ажыццяўляе на Гарадзеншчыне папярэдні маніторынг парушэнняў у час правядзення выбараў прэзідэнта краіны. Галоўная мэта ініцыятывы — назіранне за выбарамі на працягу датэрміновага галасавання і галасавання ў дзень выбараў 11 кастрычніка. «Права выбару-2015» заклікае ўсіх неабыякавых грамадзян далучацца да кампаніі па незалежным назіранні і бараніць сваё права на свабодныя і справядлівыя выбары.