«Грэцыя нагадвае суседа, які пазычыў грошы, а потым прыходзіць і кажа: „Тое, што браў, не ведаю, ці аддам, лепш прабачце мне доўг і дайце яшчэ, сям’я патрабуе, толькі зараз на маіх умовах...“», — напісаў у сваім Facebook старшыня Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.
У аб’яднанай Еўропы, лічыць ён, пасля рэферэндуму ў Грэцыі «няма добрых варыянтаў, усе кепскія: або прапанаваць грэкам выйсці з еўразоны, або здаць пазіцыі і коштам сваіх падаткаплатнікаў падтрымліваць перадвыбарчыя абяцанні іхніх уладаў».
«Але першы сцэнар — лепшы з дрэнных, ён менш ударыць па іміджы і перспектывах Еўразвязу, а стратэгічна ўзмацніць і еўра, і Еўропу, размяжуе яе з цынічнымі антыеўрапейскімі папулістамі», — падкрэсліў Мілінкевіч.
Па ягоных словах «ЕЗ — не дабрачынная арганізацыя, а свабоднае аб’яднанне добрасумленных і адказных дзяржаваў, урэшце, гэта каштоўнасны звяз, у якім няма месца прапагандыстам шчасця за чужы кошт, такім як Цыпрас».
«Папулізм — заразная хвароба, і Еўропе трэба ачуняць і цверазець», — заключыў старшыня Руху «За Свабоду».