У ноч з 6 на 7 траўня быў узламаны сайт Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. Асобамі, якія называюць сябе «паўстанцамі Кіркук-Курдыстана», была мадыфікаваная галоўная старонка сайту.
У сувязі з гэтым кампанія па назіранні «Права выбару-2015» «выказвае занепакоенасць неабароненасцю ад хакерскіх атакаў сайту, які з’яўляецца асноўнай крыніцай інфармацыі пра ход выбарчых кампаніяў у Беларусі. Гэта сведчыць пра непадрыхтаванасць да працы ў сучасных умовах інфармацыйнага рэсурсу галоўнага органа, на якім палягае адказнасць за правядзенне выбарчай кампаніі».
Кампанія па назіранні «Права выбару-2015» заклікае праваахоўныя органы правесці праверку па факту ўзлому сайта і прыцягнуць вінаватых да крымінальнай адказнасці.
«Прапануем таксама праверыць рацыянальнасць і мэтавы характар выкарыстання сродкаў, выдаткаваных на стварэнне і падтрымку сайту Цэнтрвыбаркама: ён з’яўляецца важным элементам дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмы і каштуе далёка не малых грошаў, каб мець падобныя хібы, якія дазваляюць праз хакерскія атакі супрацьпраўным чынам змяняць яго кантэнт. Па выніках праверкі патрабуем прыняць захады аб недапушчэнні падобных выпадкаў і публічна паведаміць пра прынятыя дзеянні грамадскасці», — дадалі аўтары звароту.
У кампанію па назіранні за выбарамі «Права выбару-2015» уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, «Гавары праўду!», «Рух за Свабоду!», Партыя БНФ, Партыя «Зялёныя», незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэсу.