Новости Аналитика

Еўрапейская будучыня Украіны і застой у Беларусі

Еўрапейская будучыня Украіны і застой у Беларусі

3492 просмотра
Украіна робіць рашучыя крокі ў бок Еўразвяза.

Прадстаўнік украінскай дзяржавы пры Еўразвязе Канстанцін Елісееў заяўляе, што дасягнутыя ўсе паразуменні па 11 пунктах так званага «Спіса Фюле». «Спіс Фюле» — гэта патрабаванні Еўропы да Украіны, сярод якіх змены выбарчага і судовага заканадаўстваў, а таксама рэформы ў гаспадарцы. Адпаведна, ва Украіны няма аніякіх перашкодаў да падпісання дамовы пра асацыяцыі. Чым абумоўленая цвёрдая пазіцыя прэзідэнта Януковіча да еўраінтэграцыі? Якія бонусы чакаць Украіне ад пашырэння ўзаемадзеяння з Еўропай? На гэтыя і іншыя пытанні радыё «Рацыя» адказвае палітык, кіраўнік аддзялення Руху «За Свабоду», па Гомельскай, вобласці, блогер Пётр Кузняцоў.

— Пасол Украіны пры ЕЗ Канстанцін Елісееў заявіў, што знятыя ўсе фармальныя перашкоды для падпісання дамовы пра асацыяцыі. То бок, Украіна многія забавязанні выканала і гатовая надалей выконваць. На Вашую думку, рух Украіны ў ЕЗ — гэта аб’ектыўны працэс ці ўсяго толькі жаданне ўкраінскіх элітаў?

— Я лічу, што курс Украіны на еўраінтэграцыю — гэта насамрэч аб’ектыўны працэс. Гэта той выпадак, калі супадаюць і інтарэсы элітаў, і еўрапейская стратэгія партнёрства, і нават жаданне ўкраінскага народа. Пераважная большасць украінцаў бачыць будучыню Украіны менавіта ў Еўропе. Я разумею матывацыю ўкраінскіх элітаў, якія стварылі свае бізнес-імперыі ў 1990-х гадах. Яны проста хочуць сабе гарантаваць бяспеку ад прыходу расійскага капітала, якога ўкраінскія алігархі баяцца.

— Некаторыя скептыкі лічаць, што падпісанне дамовы пра асацыяцыі і вольны гандаль з ЕЗ насамрэч нічога не нясе краінам, якія геаграфічна знаходзяцца каля межаў аб’яднанай Еўропы. Ці мае шанс Украіна ўсё-такі ўвайсці ў ЕЗ на правах паўнапраўнага сябра? Альбо атрымаецца чарговы «Туніс» ва Усходняй Еўропе?

— Ці варта глядзець на падпісанне дамоваў пра асацыяцыі толькі з пункту гледжання ўваходу ў ЕЗ? На маю думку, тут галоўная перспектыва і бонусы заключаюцца ў тым, што краіны ставяць сябе ў такія ўмовы, што яны забавязаныя падцягваць сябе да вельмі высокіх стандартаў эканамічнага развіцця. Падпісанне дамовы пра асацыяцыі дае магчымасці пераймаць еўрапейскія тэхналогіі і стандарты, вымушае краіны ўводзіць гэтыя стандарты ў сябе. З гэтага пункту гледжання Украіна атрымае вельмі вялікую дапамогу, таму што ёй, па-першае, будзе лягчэй пазбавіцца аж энергетычнай залежнасці ад Расіі, па-другое, яна падвысіць канкурэнтаздольнасць сваёй прадукцыі.

— Віктар Януковіч прыйшоў у вялікую ўкраінскую палітыку на хвалі прарасейскай рыторыкі і інтэграцыйных абяцанняў. Наколькі можна было прагназаваць такую рашучасць украінскага прэзідэнта ў руху ў бок Еўропы?

— Януковіч, хоць і прыходзіў ва ўладу з прарасейскай рыторыкай, але ўсе, хто больш-менш у курсе, выдатна разумеюць, што ва Украіне ёсць доўгатэрміновы праеўрапейскі трэнд. Там на самым высокім узроўні прыняты шэраг законаў, рашэнняў і стратэгіяў, якія вызначалі заўсёды курс на збліжэнне з ЕЗ. Акрамя таго, сістэма ўлады ва Украіне пабудавана такім чынам, што Януковіч адзін не мог зламаць гэты трэнд, прынамсі, з пазіцыі прэзідэнта. Для гэтага патрэбныя былі яшчэ высілкі на ўзроўні Рады і ўрада. Тут яшчэ пытанне ў тым, ці трэба было ламаць праеўрапейскі трэнд Януковічу? Віктар Януковіч у першую чаргу выражае інтарэсы буйных украінскіх бізнес-элітаў. А зацікаўленасць украінскіх алігархаў заключаецца якраз у тым, каб з Расеяй не сутыкацца. Адзінае, што падаецца вельмі нечаканым, — гэта байцоўская пазіцыя і агрэсіўная праеўрапейская рыторыка ўкраінскага лідара. Але я думаю, што гэта лёгка растлумачыць. Рэч у тым, што Януковіч апынуўся на пярэдняй лініі фронту. Яму трэба не толькі вырашыць гэтую палітычную і эканамічную задачу, але і захаваць свой электарат і партыю. Натуральна, што ў «Партыі Рэгіёнаў» будзе таксама шмат незадаволеных, бо яны губляюць частку свайго электарату. Таму Януковіч вымушаны дэманстраваць упэўненасць, паказваць, што ніхто гэтыя працэсы не спыніць.

— Ці будзе павялічвацца разрыў паміж Беларуссю і Украінай у выніку ўцягвання нашай паўднёвай суседкі ў еўрапейскія інтэграцыйныя працэсы?

— Я яшчэ з 2004 года, калі здарылася Аранжавая рэвалюцыя, быў перакананы ў светлай будучыні Украіны. Калі паглядзець зараз на Украіну, то яна, хоць і не вельмі хутка, але дынамічна і спакойна развіваецца. Ніякіх эканамічных і палітычных катаклізмаў, як гэта бывае ў Беларусі, там не здараецца. Хоць, дарэчы, Украіна набывае ў Расеі газ па самым высокім кошце ў свеце. Беларуская гаспадарка такой цаны проста не вытрымала б. Я ўпэўнены, што ва Украіны з пачаткам інтэграцыйных працэсаў з ЕЗ з’явіцца шмат дадатковых інструментаў, каб нівеляваць момант дарагога расейскага газу. Калі яны цалкам дыверсіфікуюцца, пазбавяцца гэтай кабальнай залежнасці, то эканамічны рывок будзе вельмі хуткім і вельмі добра бачным.

29 лістапада ў Вільні адбудзецца саміт, у межах якога чакаецца падпісанне дамоваў Украіны і Еўразвяза пра асацыяцыю і вольны гандаль.

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

Последние новости