Навіны Навіны Руху

У Мінску забараняюць пікеты нават у «дазволеных» месцах

У Мінску забараняюць пікеты нават у «дазволеных» месцах

4920 Праглядаў Мінск
Мінскія сябры Руху «За Свабоду» першымі атрымалі адказы ад мясцовых уладаў на заяўкі па правядзенні пікетаў у падтрымку палітвязня Мікіты Ліхавіда. Нагадаем, ён асуджаны на 3,5 года калоніі за падзеі 19 снежня мінулага года, а ў зняволенні на яго аказваецца дадатковы ціск: больш за палову часу там Мікіта правёў у штрафным ізалятары.

На заяўкі ў сталіцы прыйшлі спрэс адмовы. У тым ліку на два звароты наконт пікетаў (Кастрычніцкая плошча і Кіеўскі сквер) ад імя старшыні Руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча.

Кастрычніцкая плошча пад забаронай, таму што «правядзенне масавых мерапрыемстваў не дапускаецца на адлегласці менш 200 метраў ад падземных пешаходных пераходаў, станцый метрапалітэна» (у Мінгарвыканкаме спаслаліся на ч.3 арт.9 закона «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь»).

А вось пікет на тэрыторыі Кіеўскага сквера на пляцоўцы каля фантана не дазволілі праз запланаваны днямі рамонт гэтага самага фантана і добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі.

Каля ўніверсама «Першамайскі» пікетаванне нельга праводзіць, бо яно «будзе ствараць перашкоды для пешаходнага руху побач з будынкам універсама і для яго бесперабойнага функцыянавання».

«Закрылі» нават парк Дружбы народаў каля плошчы Бангалор...

Усяго актывісты Руху" За Свабоду" падалі каля сотні заявак на правядзенне пікетаў у падтрымку палітвязня Мікіты Ліхавіда — па ўсё краіне больш як у 30 гарадах. Меркаваныя даты правядзення пікетаў — канец ліпеня і пачатак жніўня.

Рух «За Свабоду» будзе адсочваць лёс заявак і абскарджаваць неабгрунтаваныя адмовы.

«Несанкцыянаваныя пікеты праводзіць не мае сэнсу. Бо, калі дадзеная ўстаноўка на забарону, іх усё адно не дадуць правесці і разгоняць. Гэта значыць, падставіць актывістаў пад рэпрэсіі — і не данесці ў выніку інфармацыю да людзей. Пакуль чакаем адказаў па рэгіёнах. У любым разе працягнецца распаўсюд інфармацыі пра Мікіту Ліхавіда, прычым у нечаканых для ўладаў месцах», — пракаментаваў сітуацыю намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны