Навіны Навіны Беларусі

«Завод запушчаны, працуе на поўную катушку». Што стала з абяцаньнем Лукашэнкі правесьці рэфэрэндум у Берасьці

«Завод запушчаны, працуе на поўную катушку». Што стала з абяцаньнем Лукашэнкі правесьці рэфэрэндум у Берасьці

8089 Праглядаў Брэст
Супрацьстаяньне праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу ля Берасьця зь яго ўласьнікамі і ўладамі пачалося тры гады таму. За гэты час у заводу зьмяніўся ўласьнік, у Берасьці — старшыня аблвыканкаму, а некаторыя з актывістаў трапілі за краты. Завод, афіцыйны запуск якога неаднаразова адкладаўся, усё ж пачаў працаваць. Нават нягледзячы на тое, што правесьці мясцовы рэфэрэндум па гэтым пытаньні жыхарам Берасьця абяцаў асабіста Аляксандар Лукашэнка.

«Хай вырашаюць жыхары»

У Берасьце Аляксандар Лукашэнка прыехаў 22 чэрвеня 2020 году ў межах сваёй выбарчай кампаніі. Наведаў крэпасьць і сустрэўся з актывістамі. Сустрэча, на якую частка праціўнікаў заводу не пайшла прынцыпова, праходзіла не зусім звычайна — у парку ля будынку аблвыканкаму.

«Мы прынялі рашэньне, — сказаў тады Лукашэнка берасьцейцам. — Хай вырашаць жыхары. Па акумулятарным як вырашыце, так і будзе. Я вам гэта гарантую і абяцаю. Я займу нэўтральную пазыцыю, арганізую рэфэрэндум. А вы, толькі бяз гвалту, шуму. Вызначым месца, будзеце заклікаць людзей, дэбатаваць. Як на выбарах».

Меркаваньні ўдзельнікаў сустрэчы ў парку пасьля яе падзяліліся. У размове са Свабодай актывісты расказвалі, што Лукашэнка падаўся ім стомленым і старым чалавекам, які стараўся быць зь імі «сваім».

Міхаіл Галуза

«Ніхто яму не паверыў, — казаў тады Свабодзе актывіст Міхаіл Галуза. — Калі цябе першы раз падманваюць, ты можаш другі раз заблукаць, але калі на працягу пэўнага часу, гэта ўсё... Мала веры. Але надзея памірае апошняй. У яго было шмат незразумелых словаў, вясковых, у якіх ні было ні грама дыпляматыі. Першае ўражаньне было, што падышоў стары дзядок, што яму ўжо трэба дапамагаць, што ён ня можа ані „ўкусіць“, ані пакараць. Ці не было ўражаньня, што нас выкарыстоўваюць? Адназначна, так. Нас прапусьцілі, не правяраючы пашпартоў. Магчыма, яны ведаюць нашыя твары, па вачах нас вылічылі. Гэта як у пастку заганяюць — заходзьце. Ужо на ўваходзе было першае ўражаньне, што цябе выкарыстоўваюць».

Дакладныя тэрміны арганізацыі мясцовага рэфэрэндуму па пытаньні акумулятарнага заводу ў канцы чэрвеня не агучваліся. Лукашэнка (які паводле заканадаўства ня мае паўнамоцтваў для правядзеньня мясцовых рэфэрэндумаў. — РС) сказаў толькі, што гэта адбудзецца пасьля выбараў 9 жніўня. Меркавана, увосень.

«Рашэньне было прынятае „наверсе“ яшчэ ў сьнежні»

У сярэдзіне лютага ў Тэльмінскі сельсавет падалі дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па правядзеньні рэфэрэндуму. Іх разглядалі месяц, у рэгістрацыі адмовілі 16 сакавіка.

А яшчэ 1 сакавіка на пасяджэньні гаспадарчага актыву Берасьця новы старшыня мясцовага аблвыканкаму Юрый Шулейка расказаў, што пусканаладачныя работы на акумулятарным заводзе «выйшлі на завяршальную стадыю, а прадпрыемства будзе знаходзіцца на жорсткім экалягічным кантролі». Незадоўга да гэтага стала вядома, што рэспубліканскі Цэнтар дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы выдаў заключэньне аб адпаведнасьці пабудаванага заводу патрабаваньням экалягічнай бясьпекі.

«Завод запушчаны, працуе на поўную катушку, — расказаў у размове са Свабодай 25 сакавіка берасьцейскі праваабаронца, сябра Рады Руху „За Свабоду“ Раман Кісьляк. — Яшчэ да сьнежня мінулага году праводзіліся прэс-канфэрэнцыі аб сытуацыі на заводзе, былі сустрэчы. А потым усё рэзка спынілася. Стала зразумела, што „наверсе“ прынятае рашэньне. На ўчорашняй сустрэчы актывістаў з уладамі ў райвыканкаме прысутнічалі 5 чалавек, на сустрэчу ў абласным савеце змог трапіць толькі я адзін. Людзі ў размовах з чыноўнікамі неаднаразова згадвалі, што рэфэрэндум абяцаў правесьці сам Лукашэнка, аднак чыноўнікі проста ігнаруюць гэта. Увесь час ухіляліся ад адказу».

24 сакавіка старшыня абласнога савету дэпутатаў Юры Наркевіч на пытаньне Рамана Кісьляка, які змог трапіць да яго на прыём, сказаў, што рэфэрэндуму ня будзе.

«Завод запушчаны, акт падпісаны, і сёньня кантралююцца ўсе парамэтры, якія толькі ёсьць, — сказаў Наркевіч (запіс яго размовы з актывістам ёсьць у рэдакцыі РС). — Вы чулі заяву нашага губэрнатара Шулейкі Юрыя, што калі будзе невялікае парушэньне, то завод будзе спынены. Любую вытворчасьць можна лічыць небясьпечнай, любы завод уяўляе небясьпеку. Я не зусім разумею, што вам дасьць гэты рэфэрэндум?.. Каб праводзіць рэфэрэндум, трэба, каб быў настрой у людзей. Я не разумею, аб чым праводзіць рэфэрэндум».

Тое самае актывістам 24 сакавіка паўтарыў і старшыня Берасьцейскага райвыканкаму Ўладзімер Сянчук.

Раман Кісьляк кажа, што праціўнікі заводу ня спыняцца і будуць шукаць іншыя шляхі, каб спыніць вытворчасьць сьвінцовых акумулятараў у Тэльмах.

Крыніца: svabod1.azureedge.net

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Лакальныя кампаніі

Апошнія навіны