На пікет падтрымаць «рухаўскіх» кандыдатаў у дэпутаты прыехалі актывістка моладзевага крыла Вікторыя Таболіч і сябра рады руху «За Свабоду» Вольга Быкоўская.
«Гэта апошні вялікі пікет у Віцебску, дзе бяруць удзел тры кандыдаты ў дэпутаты ад Руху. Не зважаючы на тое, што выбараў у Беларусі няма, гэта адзіная магчымасьць наўпроставага звароту да выбарцаў і размовы зь людзьмі, якой мы і карыстаемся», — сказала Вольга Быкоўская.
Падчас пікету кандыдаты спрабавалі ненавязьліва данесьці заклапочаным мінакам асноўныя тэзы сваіх праграм. Віцябляне ж, за рэдкім выключэньнем, імкнуліся адмовіцца ад прапановы да нязмушанага дыялёгу.
Але была і нечаканка. Чатыры падлеткі падышлі да пікету і ўразілі прысутных сваёй шчырай заклапочанасьцю і дасьведчанасьцю.
Аптымізму дадалі... школьнікі
Яны ня проста зацікавіліся, але ўважліва азнаёміліся з праграмамі кандыдатаў. Адзін з маладых людзей выказаў сваю нязгоду з пунктам, у якім прапануецца адмена сьмяротнага пакараньня. Але ўдакладніў:
«Наколькі ведаю, каля 50% расстраляных у Беларусі былі апраўданыя, праўда — пасьля забойства. Калі злачынец забіў трыццаць чалавек, калі ён — маньяк, пэдафіл — дык чаму дзяржава павінна яго ўтрымліваць на мае падаткі? Але ж калі справа спрэчная і ёсьць шанец апраўдаць — тады не расстрэльваць», — разважаў хлопец.
«Нават калі пашанцуе прайсьці ў парлямэнт нармальнаму чалавеку, то ўсё гэта будзе вельмі цяжка разгрэбці», — сказаў адзін.
«Мы цікавімся тым, што адбываецца ў краіне. Ну, будзе мне 30 гадоў, але я не хачу жыць так, як жыве цяпер тыповы
Пасьля школы трое падлеткаў зьбіраюцца зьехаць вучыцца ў Польшчу, а адзін — у Менск.
Яны адышлі ад «зомбаскрыні»
«Юнакі настолькі шчырыя і адкрытыя, быццам вырасьлі ў іншай дзяржаве...» — падзяліўся ўражаньнямі адзін зь пікетоўцаў.
«Дзякуй бацькам, якія стварылі ім умовы для разьвіцьця і не загадвалі глядзець «зомбаскрыню». Бо яна зьмяняе сьвядомасьць і дзяцей, і дарослых. Чым розьніцца гэтае пакаленьне, дык гэта тым, што яно залезла ў сеціва і адышло ад «зомбаскрыні», — пракамэнтаваў кандыдат Аляксей Гаўруцікаў.
Бліжэй да вечара каманда «рухаўцаў» мела сустрэцца з патэнцыйнымі выбарцамі, але акрамя адміністратара МІТСО, дзе мусіла адбыцца сустрэча, ніхто не прыйшоў.