На думку Жаляпава, пасаду рэктара беларускай ВНУ не можа займаць чалавек, са згоды якога сярод студэнтаў прапагандуюцца ідэі «русского мира». Аўтары дакумента патрабавалі адстаўкі Ягорава, забароны ўмяшання замежных грамадскіх арганізацый і фондаў ва ўнутранае жыццё беларускіх навучальных установаў.
«Мы хочам, каб у нашых ВНУ выхоўваліся сапраўдныя патрыёты Беларусі, а не касмапаліты з няўцямнымі поглядамі на ідэалагічна важныя складнікі грамадскага жыцця», — заключылі аўтары петыцыі, якую падпісалі 310 чалавек.
У адказе за подпісам намесніцы міністра адукацыі Раісы Сідарэнкі паведамляецца спіс мерапрыемстваў, якія ВДУ правёў да Дня роднай мовы. Па дадзеным чыноўніка, сярод іх былі і прысвечаныя беларускай мове.
«Ваша прапанова аб звальненні Аляксея Ягорава, рэктара ўстановы адукацыі „Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава“, прынята да ведама», — паведаміла Сідарэнка.
«Мяне не задавальняе адказ, таму што там чыноўнікі не адказалі на пытанні. У прыватнасці, няма нічога наконт таго, што тыдзень рускай мовы быў правакацыяй, накіраванай супраць беларускай дзяржаўнасці», — пракаментаваў адказ сайту Pyx.by Жаляпаў.
Мерапрыемствы ў гонар рускай мовы ва ўніверсітэце адбываліся па ініцыятыве кафедры сусветных моваў. Кіраўніком гэтай кафедры пры Ягоравым была прызначаная Ірына Зайцава, якая пераехала ў Віцебск з Луганску, дзе была функцыянеркай Луганскага абласнога Расійскага цэнтру, узначальвала Украінска-расійскі саюз, супрацоўнічала з «Русским блоком» і «Русским движением», неаднаразова называла сябе абаронцай «русского мира» і рускай мовы.
«У віцебскім універсітэце Зайцава раскручвае сваю прапагандысцкую дзейнасць у падтрымку „русского мира“, — адзначыў Хрыстафор Жаляпаў. — Ягораў ведаў, каго бярэ на працу і каго прызначае загадчыкам кафедры, ведаў, хто яна такая».
Па меркаванню сябра Рады Руху «За Свабоду», такім рэчам трэба супрацьстаяць, тым болей у педагагічным універсітэце, каб абараніць нашу моладзь. «Цяпер трэба інфармацыйная кампанія, каб ва ўніверсітэце зразумелі, што мы не дазволім зрабіць тут яшчэ адзін Луганск ці Данецк», — заключыў Хрыстафор Жаляпаў.