„Прынятае рашэнне аб фармаванні агульнага спіса і ўзгодненай пазіцыі падчас парламенцкай кампаніі”, — сказаў ён. Паводле слоў Губарэвіча, сумесна кааліцыя гатовая выставіць па кандыдаце на кожную са 110 выбарчых акругаў.
У правацэнтрысцкую кааліцыю акрамя „За Свабоду” ўваходзяць аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” і Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП).
Рух „За Свабоду” мае намер вылучыць сваіх кандыдатаў праз збор подпісаў, аднак не выключае фармавання спіса з АГП.
„Канчатковы спіс кандыдатаў падрыхтуем на працягу некалькіх месяцаў. У нас ужо ёсць папярэдні — гэта тыя, хто працаваў на папярэдніх выбарах, і маладыя людзі, якія прыйшлі ў апошнія гады і хочуць выпрабаваць свае сілы. Мы будзем выбіраць па наяўнасці патэнцыялу і сваёй каманды”, — растлумачыў кіраўнік Руху.
Сам Губарэвіч плануе абірацца ў Мінску. Таксама ў сталіцы ад руху „За Свабоду” на выбары вылучацца Віктар Янчурэвіч і Мікіта Семяненка.
„У рэгіёнах таксама ёсць з каго выбіраць, гэтыя людзі не сядзелі ад выбараў да выбараў, а працавалі штодня па мясцовых праблемах”, — адзначыў суразмоўца.
Згодна з заканадаўствам выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў павінны прайсці не пазней за 10 верасня 2020 года. Падчас штогадовага паслання народу і парламенту 19 красавіка Аляксандр Лукашэнка прапанаваў іх правесці 7 лістапада 2019 года. „Калі гэта прымальнае паводле закона, у нас ёсць добрае свята — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, 7 лістапада, выхадны дзень”, — сказаў ён.
Аднак старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ў інтэрв’ю БелаПАН паведаміла, што камісія будзе прапаноўваць Лукашэнку прызначыць выбары ў парламент 17 лістапада.