Гэтай катэдрай кіруе Ірына Зайцава, якая пераехала ў Віцебск з Луганску, дзе была функцыянэркай Луганскага абласнога Расейскага цэнтру, узначальвала Ўкраінска-расейскі саюз, супрацоўнічала з «Русским блокам» і «Русским движением», неаднаразова называла сябе абаронцай «русского мира» і расейскай мовы.
Ірына Зайцава была прызначана загадваць катэдрай падчас кіраўніцтва Аляксея Ягорава, і менавіта ён зьяўляецца адказным за тое, што адбываецца цяпер ва ўнівэрсытэце, лічыць складальнік пэтыцыі.
«Ва ўсім сьвеце 21 лютага шануюць родную мову, і толькі ў Віцебску ўшаноўвалі мову суседняй дзяржавы. Рэктар Аляксей Ягораў паводле адукацыі юрыст і павінен добра ўсведамляць ідэалягічны сэнс імпрэзаў у ВНУ, якой ён кіруе. Услаўленьне „родного русского языка“ адбывалася зь ягонай згоды. І таму я перакананы: унівэрсытэтам, які рыхтуе настаўнікаў для беларускіх школ, не павінен кіраваць чалавек, у якога няма аніякага пачуцьця патрыятызму», — сказаў Хрыстафор Жаляпаў.

Праз два тыдні пэтыцыя будзе накіравана ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, які ў 2014 годзе прызначыў Аляксея Ягорава на пасаду рэктара ВДУ, і ў Міністэрства адукацыі.
БС