У канцы чэрвеня актывісты «Чыстага Слуцка» перадалі ў Слуцкі райвыканкам 543 подпісы за стварэнне ў горадзе прытулку для бяздомных жывёл, распавёў Віталь Амяльковіч, каардынатар ініцыятывы і Мінскі абласны каардынатар Руху «За Свабоду».
«Спецыяльна абсталяванага часовага прыёмніка для ўтрымання адлоўленых безнадзорных сабак няма, і яго будаўніцтва не плануецца», — сказана ў адказе ад імя намесніка старшыні Слуцкага райвыканкама Мікалая Пенязя.
Ён падкрэсліў таксама, што адстрэл жывёлаў будзе працягнуты і пра яго ніхто не абавязаны паведамляць актывістам ці гараджанам.
«Калі каротка перадаваць сутнасць адказу, уладам усё роўна, колькі подпісаў было сабрана: як стралялі, так і будуць страляць, будаваць нічога не планавалі і не збіраюцца. Што сказаць? Кансультуемся з юрыстамі і будзем абскарджваць. Уладам варта навучыцца паважаць меркаванне жыхароў Слуцку», — пракаментаваў адказ сайту Pyx.by Віталь Амяльковіч.