«Двойчы на сустрэчы прысутнічаў нейкі Сяргей Іванавіч. Першы раз ён назваўся супрацоўнікам гэтага аддзелу, а пасля нечакана назваўся прадстаўніком нейкага аддзелу супрацьдзеяння тэрарызму», — узгадвае Віка.
Паводле кіраўніцтва руху «За свабоду», такім чынам спецслужбы намагаюцца дэмаралізаваць актывістаў дэмакратычнага асяроддзя. Што датычыць самой арганізацыі, у ёй адбылося аднаўленне актыву, прыйшло шмат новых людзей. Зацікаўленасць спецслужбаў скіраваная перш за ўсё на іх.
Кэдэбісты выкарыстоўваюць праблемы апазіцыйных арганізацыяў
«Там, дзе ёсць людзі, там заўсёды будуць разыходжанні. Гэта трэба вырашаць. Кожная арганізацыя мае механізмы развязання праблемаў. Спецслужбы могуць педаляваць гэты працэс з дапамогаю агентаў, якіх яны завербавалі. Адразу відаць, хто крыніца гэтых канфліктаў, хто стварае праблемы», — патлумачыў спадар Меляшкевіч.
Як ацэньваюць метады працы КДБ адмыслоўцы?
«Агентурная распрацоўка, прыцягванне да працы грамадзянаў Беларусі супраць грамадскіх і палітычных арганізацыяў — яна ўвогуле незаконная. Ёсць Канстытуцыя, а яна такога не прадугледжвае. Але ў нас зламалі Канстытуцыю. Сёння КДБ накіраваны на абарону асабістай улады Лукашэнкі», — мяркуе былы супрацоўнік КДБ Ануфрый Рамановіч.
Што рабіць, калі спецслужбы прымушаюць да супрацы?
«Усё залежыць ад таго, да якой арганізацыі чалавек належыць. Калі такое здарылася і яго запрасілі на размову, — спрабаваць адцягнуць час і параіцца са сваім кіраўніком арганізацыі ці партыі. Пасля прыняць рашэнне аб адмове ў супрацы», — раіць Ануфрый Рамановіч.
А найперш надаць справе галоснасць. Дзякуючы працы незалежных медыяў шмат каму ўдалося пазбегнуць ціску кадэбэшнікаў.
Ян Бабіцкі