Штрафам у 20 базавых велічыняў (460 рублёў) каардынатар Руху «За Свабоду» па Мазыры Рыгор Крывіцкі за ўдзел у акцыі 26 сакавіка першы раз быў пакараны ў красавіку..
«Сёння ў Мазыры зноў працаваў рэпрэсіўны канвеер: інваліду Рыгору Крывіцкаму, мясцоваму каардынатару Рух "За Свабоду", за акцыю "недармаедаў", якая прайшла ў Мазыры 26 сакавіка, прысудзілі ўжо другі па ліку штраф па тым самым сумна вядомым артыкуле 23.34», - распавёў сайту Pyx.by сябра Руху «За Свабоду» Дзяніс Рабянок.
Крывіцкага абвінавацілі ў тым, што ён быццам уцягнуў непаўналетніх у дзейнасць па падрыхтоўцы несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Прычым, пратакол склалі за два дні да сканчэння тэрміну прыцягнення да адказнасці.
«Рыгора Крывіцкага пераследуюць, бо ён актыўны, не баіцца казаць, што супраць улады адкрыта, браць адказнасць. Паважаны і адукаваны чалавек», - адзначыў Дзяніс Рабянок.
Фота Дзяніса Рабянка і Стаха Мазырскага