Навіны Навіны Беларусі

Больш за 200 подпісаў сабралі жыхары Слуцкага раёну супраць небяспечнай вытворчасці

Больш за 200 подпісаў сабралі жыхары Слуцкага раёну супраць небяспечнай вытворчасці

2346 Праглядаў Слуцк
Улады зноў вынеслі на абмеркаванне магчымасць з’яўлення ў Слуцкім раёне патэнцыйна небяспечнай вытворчасці, распавёў абласны каардынатар Руху «За Свабоду» Віталь Амяльковіч. Гэта выклікала пратэст мясцовых жыхароў, а сам Амяльковіч запатрабаваў ад райвыканкама правядзення грамадскай экалагічнай экспертызы.

Пляцоўка па біялагічнай ачыстцы нафтазабруджаных грунтаў можа паўстаць на ўчастку ваеннага гарадка ў 6 кіламетрах ад вёскі Адамова. Слуцкія ўлады ужо праводзілі грамадскія слуханні, якія зацвердзілі дадзенае рашэнне. Мясцовыя жыхары актыўна змагаліся з гэтым, сабралі подпісы, звярнуліся да правабаронцаў, у тым ліку і да сябра БХК і каардынатара Руху «За Свабоду» ў Мінскай вобласці Віталя Амяльковіча. Пасля ягонай скаргі вынікі тых слуханняў былі прызнаныя несапраўднымі.

«13 красавіка на адной з апошніх старонак раённай газеты сярод рэкламы была надрукаваная абвестка, што з 17 красавіка па 12 траўня пройдзе грамадскае абмеркаванне справаздачы па Ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АЎНА) дадзенай вытворчасці», — распавёў сайту Pyx.by Віталь Амяльковіч.

У гэты ж дзень, па ягоных словах, мясцовыя жыхары пачалі яму тэлефанаваць з просьбамі па дапамогу. «Яны пільна адсочвалі інфармацыю, бо раней прадпрымальнік папярэдзіў іх, што адмыслова абярэ нязручны час для новых грамадскіх слуханняў. Хутчэй за ўсё, ён вырашыў правесці абмеркаванне менавіта цяпер, каб мясцовым жыхарам было „не да таго“ праз тыя ж сельскагаспадарчыя работы, а таксама Вялікдзень і Радаўніцу», — дадаў рэгіянальны каардынатар Руху.

14 красавіка Амяльковічам была пададзена заява аб скліканні сходу па абмеркаванні справаздачы па АЎНА. «Я звязаўся з юрыстам „Зялёнай сеткі“ Сяргеем Магонавым і арганізацыяй „Экадом“, і мы распрацавалі кампанію супраць стварэння на Случчыне гэтай патэнцыйна небяспечнай вытворчасці», — сказаў Віталь Амяльковіч.

На сёння ён звярнуўся ў Слуцкі райвыканкам з патрабаваннем правесці грамадскую экалагічную экспертызу вытворчасці па біялагічнай ачыстцы нафтазабруджаных грунтаў і папрасіў для гэтага «забяспечыць перадачу праектнай дакументацыі». Эколагі ж звярнуліся з заявамі ў пракуратуру і скаргай у Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя.

Акрамя таго, мясцовыя жыхары перадалі ў райвыканкам больш за 200 подпісаў супраць з’яўлення ў рэгіёне патэнцыйна шкоднай і небяспечнай вытворчасці, а яшчэ больш за 200 — пад зваротам за правядзенне схода для грамадскага абмеркавання справаздачы па АЎНА.

У сваю чаргу бізнэсоўца спрабуе аказваць на актывістаў пэўны ўціск. «Віцень атрымаў інфармацыю, што ягоная спроба цішком правесці слуханні правалілася, і цяпер спрабуе дзейнічаць у тым ліку шляхам пагрозаў. Але нічога ў яго не атрымаецца, мясцовыя жыхары настроены змагацца за нашу Случчыну і не збіраюцца здавацца», — адзначыў каардынатар Руху «За Свабоду» па Мінскай вобласці.

«Мы падтрымліваем іх жаданне разабрацца ў справе да канца, наколькі гэтая сумнеўная вытворчасць шкодная і небяспечная, і не дапусцім, каб яна была запушчана без належнага абмеркавання і экспертызы», — дадаў Амяльковіч.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны