Навіны Аналітыка

Незалежныя назіральнікі не маюць даверу да вынікаў выбараў

Незалежныя назіральнікі не маюць даверу да вынікаў выбараў

3486 Праглядаў
У чым сэнс назірання на выбарах і якія перспектывы мае абскарджанне абвешчаных ЦВК вынікаў — ў межах сумеснага праекта ePramova.org і Naviny.by «Права выбару» і «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падсумавалі выбарчую кампанію-2015.

Усяго, паводле дадзеных Цэнтрвыбаркаму, на прэзідэнцкіх выбарах былі акрэдытаваныя 43 572 беларускіх назіральнікаў, нязначную частку ад якіх — да 5% — складалі незалежныя назіральнікі. Менавіта яны сапраўды вялі падлік колькасці ўдзельнікаў галасавання і імкнуліся бачыць што насамрэч знаходзіцца ў бюлетэнях, якія падлічвалі выбарчыя камісіі.

Тым часам назіральнікі ад праўладных арганізацый часам выступалі ініцыятарамі пазбаўлення акрэдытацыі сваіх незалежных калег, бо тыя быццам бы заміналі працаваць на выбарчым участку. Так, напрыклад, нацыянальны каардынатар кампаніі «Права выбару» Алесь Сілкоў сведчыць, што за час кампаніі ў іх было выдалена 35 назіральнікаў. «Было такое пачуццё, што яны імкнуцца схаваць склад злачынства», — кажа ён.

Гэта кампанія рабіла акцэнт на «актыўным назіранні», то бок на прадухіленне парушэнняў заканадаўства падчас усіх стадый выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаванне. «Права выбару» аб’яднала намаганні шэрагу палітычных і грамадскіх структур — ад Партыі БНФ да прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). Тут супольна працавалі прадстаўнікі «Гавары праўду», чый кандыдат Таццяна Караткевіч балатавалася на пасаду прэзідэнта, і тыя, хто лічыў слушнай палітычнай стратэгіяй байкот выбараў.

У сваю чаргу кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» дэкларуе сваю незалежнасць і палітычную незаангажаванасць. Яе назіральнікі імкнуліся не канфліктаваць з выбарчымі камісіямі, фіксаваць хаду галасавання і падліку. Гэтую кампанію праводзілі Беларускі Хельсінкскі камітэт сумесна з незарэгістраваным праваабарончым цэнтрам «Вясна».

Недавер да афіцыйных вынікаў выбараў

«Гэта кампанія нерэалізаваных чаканняў і магчымасцяў», — кажа старшыня БХК Алег Гулак. Праваабаронцы падзяляюць высновы Міжнароднай місіі па назіранні за выбарамі, у адпаведнасці з якімі выбары паказалі, што «Беларусь яшчэ мае прайсці значны шлях да выканання сваіх абавязкаў у рамках АБСЕ па правядзенні дэмакратычных выбараў».

Алег Гулак разам з міжнароднымі назіральнікамі кажа пра падарваны давер да выбарчай сістэмы, паколькі ў назіральнікаў не было магчымасці спраўдзіць што ўласна кажучы напісана ў бюлетэнях, якія падлічвалі выбарчыя камісіі.

«Мы кажам пра сур’ёзныя парушэнні выбарчых працэдур, пры чым як беларускага заканадаўства, так і міжнародных стандартаў, і пра адсутнасць даверу ў сувязі з непразрыстасцю працэдур і відавочнымі падставамі сумнявацца», — тлумачыць кіраўнік БХК.

Тым часам прадстаўнік кампаніі «Права выбару» Алесь Сілкоў ідзе далей і кажа: «Выбары былі несвабоднымі, несправядлівымі, падлік галасоў быў не празрысты, агучаныя ЦВК вынікі не вартыя даверу». Кампанія напісала амаль тысячу скаргаў, але выбарчыя камісіі не знайшлі парушэнняў.

«Права выбару» кажа пра фальсіфікацыю вынікаў галасавання. На карысць гэтага яны спасылаюцца на досвед члена Мінскай гарадской выбарчай камісіі, кіраўніка сталічнай арганізацыі Партыі БНФ Змітра Каспяровіча, які знайшоў несупадзенне колькасці выдадзеных бюлетэняў і колькасці подпісаў за іх атрыманне; на разыходжанне ў дадзеных назіральнікаў аб яўцы з дадзенымі камісій і г. п.

Кіраўнік БХК тым часам тлумачыць, чаму праваабаронцы больш асцярожна ацэньваюць выбарчы працэс — бо ў іх няма юрыдычных доказаў фальсіфікацый:

«Зараз сістэма пабудавана так, мы бачым працэдуры і ў лепшым выпадку назіральнікі могуць сказаць, што там былі стопкі не так, відавочна не ў той прапорцыі, як потым лічбы аказаліся, альбо ў скрыні ляжалі відавочна ўкінутыя бюлетэні, альбо калі агучаны быў раздзельны падлік, то занадта рэзала вока разніца. Але гэта ў нас у якасці доказаў не прымаецца».

«Цар менш за 80% — такія падарункі не прымае»

Навошта рабіць фальсіфікацыі, калі ўсе і так перакананыя, што Аляксандр Лукашэнка мае большасць, ён атрымаў перамогу на выбарах — перамога была ў яго ў кішэні, навошта фальсіфікаваць выбары?

На думку Алеся Сілкова, тут працуе некалькі фактараў, сярод якіх зададзеная самім кіраўніком планка (на выбарчым участку 11 кастрычніка дзейны кіраўнік Беларусі наўпрост сказаў: «Кепска будзе, калі на гэты раз менш прагаласуе людзей (за Лукашэнку. — рэд.), чым ў мінулыя выбары. Значыць, ад мяне людзі пачынаюць сыходзіць, і нейкая колькасць людзей незадаволена маёй палітыкай»), а таксама дэманстрацыя лаяльнасці рэгіянальных уладаў.

«Цар менш за 80% — такія падарункі не прымае. Але спадарыня Ярмошына падарыла 83%», — жартуе Сілкоў. Сур’ёзным жа тонам палітык кажа пра тое, што сістэма хоча паказаць сваю лаяльнасць. «У 2010 годзе лаяльнасць паказалі сілавыя структуры: «вось бачыш, мы цябе выратавалі». А цяпер лаяльнасць паказваюць мясцовыя ўлады: «мы пакажам такі вынік», — мяркуе Алесь Сілкоў.

Андрусь Храпавіцкі, каардынатар інтэрнэт-пляцоўкі electby.org, дзе кожны ахвотны меў магчымасць пакінуць сведчанне пра парушэнне выбарчага заканадаўства і падзяліцца сваім уражаннем ад выбараў, лічыць, што прычына фальсіфікацый не ў забеспячэнні перамогі Лукашэнкі як такой, а ў неабходнасці для кіроўнага рэжыму захавання стэрэатыпу пра незаменнасць цяперашняга прэзідэнта Беларусі.

«Калі б адбываўся сумленны падлік, калі б гэтыя выбары адбываліся сумленна, то Лукашэнка здолеў бы набраць дастаткова высокі працэнт, магчыма нават больш за 50%. Тым не менш, калі б гэты адсотак быў даволі нізкі, то народ, магчыма, пачаў бы верыць у магчымасць зменаў і гэта ўжо небяспечна», — мяркуе грамадскі актывіст.

Гэта не выбары, а рытуал

Тым часам кіраўнік БХК пераводзіць пытанне ў іншую галіну. «Фальсіфікацыі фальсіфікацыямі, любая краіна постсавецкая, любая краіна трансфармацыйная далёкая ад ідэалу ў сэнсе выбараў... Але тое, што адбываецца ў нас, яно заходзіць за межы ўвогуле сутнасці гэтага інстытута. Гэта рытуал, які ёсць адна з форм існавання гэтага апарату, гэтага дзяржаўнага інстытуту. Але вось з сутнасцю выбараў ён мае не шмат агульнага», — перакананы Алег Гулак.

Ён тлумачыць, што назіранне за выбарамі для праваабаронцы — гэта частка вялікага працэсу маніторынгу правоў чалавека, а таксама «трэба ўвесь час нагадваць, што такое добра і што такое кепска».

У сваю чаргу і Андрэй Храпавіцкі, і Алесь Сілкоў бачаць у назіранні інструмент для зменаў у грамадстве, які пачынае са зменаў свядомасці саміх грамадзян — яны на свае вочы бачаць рэальны стан рэчаў. «Тыя людзі, якія ў якасці назіральнікаў сядзелі на ўчастках, якія аддалі 5 дзён свайго каштоўнага часу і нерваў, — гэта грамадзяне», — падсумоўвае Алесь Сілкоў.

Перспектывы скаргаў на вынік выбараў

Калі яшчэ не завяршылася выбарчая кампанія, прадстаўнік штабу Караткевіч Андрэй Дзмітрыяў казаў, што яны будзем прызнаваць ці не прызнаваць выбары тады, калі пабачаць вынікі, пабачаць, што скажуць назіральнікі «Права выбару», што скажа АБСЕ. І вось яны 14 кастрычніка падалі скаргу у ЦВК.

Алег Гулак нагадвае пра сціслыя тэрміны падачы скаргі (тры дні з улікам дня выбараў) і пра вельмі складаную працэдуру — скардзіцца на вынікі выбараў можна толькі ў ЦВК, а ў судзе можна абскарджваць выключна рашэнне Цэнтрвыбаркаму аб непрызнанні выбараў.

На думку кіраўніка БХК, падача скаргі на вынік выбараў — «гэта палітычна-рытуальны ход». «Канечне, якасную, сур’ёзную скаргу ў прынцыпе складана зрабіць, улічваючы, што вельмі складана атрымаць доказы фальсіфікацыі, то гэта будзе хутчэй пералік такіх парушэнняў, як непразрыстасць, расказаў пра прымус», — разважае Алег Гулак.

Naviny.by

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Права выбару

Апошнія навіны