Навіны Навіны Беларусі

Міліцыя хоча за ахову парадку на «Чарнобыльскім шляху» больш за 13,5 млн. рублёў

Міліцыя хоча за ахову парадку на «Чарнобыльскім шляху» больш за 13,5 млн. рублёў

4343 праглядаў Мінск
Кошт за паслугі міліцыі на «Чарнобыльскім шляху» даведаліся сёння заяўнікі акцыі. Ахова парадку на шэсці абыдзеццам ў 13 млн. 661 тыс. 500 рублёў, па 2 млн. 732 тыс. 500 рублёў на кожнага з пяцёх арганізатараў.

«Арганізатары прапаноўвалі перадаць грошы ў фонд дапамогі пацярпелым ад наступстваў чарнобыльскай аварыі. Але праваахоўныя органы гэтую прапанову не падтрымалі і абяцаюць пералічыць усе грошы дзіцячаму дому», — распавёў сайту Pyx.by першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Па ягоных словах, зніжэнне кошту акцыі ў параўнанні з Днём Волі (тады акцыя каштавала каля 21 млн. 500 тыс. рублёў) звязанае з тым, што арганізатары адмовіліся ад мітынгу.

Сёння ўлады таксама трохі ўдакладнілі маршрут «Чарнобыльскага шляху», дадаў Юрась Губарэвіч. Як вядома, Мінгарвыканкам дазволіў правядзенне акцыі, збор ўдзельнікаў каля кінатэатра «Кастрычнік» (з 14.00 да 14.30), шэсце будзе зладжана па традыцыйным маршруце па вул. Сурганава да Чарнобыльскай капліцы (з 14.30 да 16.00).

«На перакрыжаваннi вуліц Сурганава і Куйбышава мы пяройдзем на правы бок Сурганава, па якім і рушым да капліцы», — адзначыў Губарэвіч.

У складзе аргкамітэту па падтрыхтоўцы «Чарнобыльскага шляху» — Рух «За Свабоду», Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская Хрысцiянская Дэмакратыя», Беларуская партыя «Зялёныя», Рух салідарнасці «Разам» і шэраг экалагічных аб’яднанняў.

Нагадаем, што адзін з заяўнікаў правядзення акцыі на Дзень Волі, актывіст Руху «За Свабоду» Мікіта Семяненка не плануе аплачваць паслугі па ахове грамадскага парадку паводле дамовы з ГУУС Мінгарвыканкаму, пакуль не атрымае адпаведнай калькуляцыі выдаткаў.

«Незразумела, ці сапраўды такая сума спатрэбілася для аховы правапарадку падчас акцыі і колькі супрацоўнікаў міліцыі забяспечвалі яго. Хацелася б пабачыць падрабязны празрысты каштарыс. Апрача таго, адвольныя затрыманні некалькіх удзельнікаў шэсця ставяць пад сумнеў якасць аказанай паслугі. Чаму арганізатары павінны фінансаваць незаконныя затрыманні мірных грамадзян?» — пракаментаваў тады недавер і цікавасць да міліцэйскай калькуляцыі Губарэвіч.

Па ягоных словах, фактычна міліцыя атрымлівае грошы з заяўнікаў за выкананне сваіх непасрэдных абавязкаў.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Чарнобыльскі шлях

Апошнія навіны