Навіны Навіны Беларусі

Сакрэтная міліцэйская калькуляцыя

Сакрэтная міліцэйская калькуляцыя

4989 Праглядаў Мінск
Адзін з заяўнікаў правядзення вулічнай масавай акцыі на Дзень Волі, актывіст Руху «За Свабоду» Мікіта Семяненка не плануе аплочваць паслугі па ахове грамадскага парадку паводле дамовы з ГУУС Мінгарвыканкаму, пакуль не атрымае адпаведнай калькуляцыі выдаткаў.

Гаворка вядзецца пра 5 мільёнаў 367 тысяч рублёў — чацвёртую частку ад агульнай сумы (заяўнікоў было чацвёра). Рэч у тым, што Семяненка просіць мінскую міліцыю «прадаставіць дакументы, якія абгрунтоўваюць парадак разлікаў» кошту гэтых расходаў.

«Бо незразумела, ці сапраўды такая сума спатрэбілася для аховы правапарадку падчас акцыі і колькі супрацоўнікаў міліцыі забяспечвалі яго. Хацелася б пабачыць падрабязны празрысты каштарыс. Апрача таго, адвольныя затрыманні некалькіх удзельнікаў шэсця ставяць пад сумнеў якасць аказанай паслугі. Чаму арганізатары павінны фінансаваць незаконныя затрыманні мірных грамадзян?» — каментуе недавер і цікавасць да міліцэйскай калькуляцыі першы намеснік Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Прадаставіць абгрунтаваны каштарыс у мінскай міліцыі, па словах Мікіты Семяненкі, яму адмовіліся. Як і паведаміць дакладную колькасць задзейнічаных праваахоўнікаў на Дні Волі.

Палічыць жа іх падчас акцыі было немагчыма. Так, у сваёй справаздачы па маніторынгу масавага мерапрыемства «Дзень Волі-2015» Беларускі Хельсінкскі камітэт і Праваабарончы цэнтр «Вясна» сярод іншага адзначылі «немагчымасць ідэнтыфікаваць на масавым мерапрыемстве супрацоўнікаў праваахоўных органаў праз адсутнасць у значнай часткі форменнай вопраткі, а таксама адсутнасць ідэнтыфікацыйных нумарных знакаў на пераважнай большасці супрацоўнікаў у форме». Апрача гэтага, звернута ўвага на «нізкую інфармацыйнасць ад супрацоўнікаў міліцыі пры зваротах назіральнікаў адносна іх колькасці і парадку аховы грамадскага парадку».

Мікіта Семяненка працягне дамагацца ад сталічнай міліцыі прадастаўлення адмысловых дакументаў. Да ўсяго ёсць яшчэ адзін момант, які сведчыць пра юрыдычную хібнасць дакумента. Актывіст зазначае, што «дамова з ГУУС Мінгарвыканкаму была падпісана 24 сакавіка», а паводле аднаго з яе пунктаў «у выпадку адсутнасці магчымасці выканання абавязальніцтваў» паводле дамовы заказчык павінен паінфармаваць пра гэта выканаўцу «не пазней, чым за два дні да правядзення мерапрыемства».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Дзень Волі

Апошнія навіны