Сфармуляваныя на гэтым круглым стале прапановы па зменах у самых розных сферах жыццядзейнасці Мінска сталі адказам на заяву старшыні Мінгарвыканкаму Андрэя Шорца. Заступіўшы на гэтую пасаду пры канцы мінулага году, у звароце да жыхароў сталіцы ён сказаў: «Мы гатовыя разгледзець любыя прапановы, якія зробяць горад больш прыгожым, больш багатым і камфортным».
Удзел у круглым стале «Народная праграма» для Мінска" узялі эканаміст Зміцер Бабіцкі (які займаецца пытаннямі транспарту і лагістыкі), лідар ініцыятывы «Еўрапейская перспектыва» Віктар Янчурэвіч (вырашэнне лакальных праблем у горадзе), старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч (захаванне гістарычнай спадчыны), былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Навасяд (ЖКГ і абарона правоў спажыўцоў), стрыт-арт-актывіст Алег Ларычаў (мастацкія акцыі і гарадская прастора).
Першы намеснік Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч кажа, што ў Мінгарвыканкам днямі накіравана першая частка распрацаваных прапановаў.
Напрыклад, прапануецца прыцягнуць да адказнасці вінаватых у незаконным будаўніцтве гатэля «Кэмпінскі». «Абавязковай умовай узвядзення аб’екта з’яўлялася аднаўленне гістарычнага помніка — электрастанцыі на новым месцы. Аднак захаваць паспелі толькі галоўны фасад, потым паступіла ўказанне знасіць. Зараз мы рыхтуем матэрыялы справы, адным з фігурантам якой будзе былы старшыня Мінгарвыканкаму Мікалай Ладуцька», — патлумачыў на круглым стале Антон Астаповіч.
Яшчэ што да архітэктуры і будаўніцтва мінскім уладам прапануецца вярнуцца да распрацаванага некалькі год таму праекта рэгенерацыі гістарычнага цэнтра горада. Напрыклад, гаворка вядзецца пра ўладкаванне пешаходнай зоны на вуліцах Рэвалюцыйная і Камсамольская і стварэнне падземнага паркінгу на 600 машын пад Кастрычніцкай плошчай.
Сярод іншых прапановаў «Народнай праграмы» для Мінска«:
— Каб забяспечыць большую прывабнасць грамадскага транспарту, неабходна павялічыць ягоную сярэднюю хуткасць хаця б да 25 км/г праз вылучэнне асобных палос
— Больш шырока выкарыстоўваць электронныя табло на прыпынках грамадскага транспарту, якія павінны паказваць рэальны, а не паводле графіку часавы інтэрвал руху
— Стварыць агульны рэестр плошчаў Мінска, якія не выкарыстоўваюцца і могуць быць аддадзеныя пад разнастайныя формы гарадской актыўнасці
— Уважаць за вырашальнае меркаванне жыхароў горада ў справе прыняцця рашэнняў па рэзанансных і правакуючых сацыяльную напружанасць праектах. Дыялогавай пляцоўкай можа стаць Грамадска-кансультатыўная рада пры Мінгарвыканкаме.