Тэматыка абмеркаванняў - паводле першага пытання з парадку дня «Народнага рэферэндуму”.
Нагадаем, яно гучыць такім чынам: “Ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароўя ўсе паслугі грамадзянам Беларусі павінны аказвацца бясплатна?”
Удзел у грамадскіх слуханнях возьмуць лідары “Народнага рэферэндуму”, эксперты, практыкуючыя лекары і іхнія пацыенты.
У Оршы слуханні адбудуцца 23 кастрычніка, у чацвер, а 17.30 па адрасе: вул. Чырвонаармейская, 13. А ў Рэчыцы – 25 кастрычніка, у суботу, а 16-й гадзіне на вул. Чапаева, 56/2.
Рух "За Свабоду" на іх прадставяць адпаведна Алесь Лагвінец і Юрась Губарэвіч.
Раней у кастрычніку і верасні грамадскія слуханні па медыцыне, а ў жніўні па пытаннях адукацыі адбыліся ў шэрагу гарадоў: Гомель, Полацк, Гродна, Магілёў. Віцебск, Баранавічы, Маладзечна, Мінск…
“Прафесійная і даступная медыцына, адукацыя – гэта элементарнае права на годнае цяперашняе і будучае для нас і (галоўнае!) для нашых дзяцей! Дзяржава не мае права рабіць бізнэс на нашым здароўі і абмяжоўваць нашы магчымасці», - лічаць ініцыятары “Народнага рэферэндуму”.
Старшыня Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, напрыклад, узяў удзел на мінулым тыдні ў маладзечанскіх слуханнях.
Прысутнічала каля 40 чалавек, распавядае ён: “Адбылася зацікаўленая дыскусія, на якую прыйшлі жыхары Маладзечна і мясцовыя медработнікі. Вялікія нараканні выклікала праца паліклінік, дэфіцыт спецыялістаў вузкай спецыялізацыі, недахоп эфектыўных лекаў, нізкая аплата працы дактароў і медсясцёр”.
Доктар з 20-гадовым стажам Зміцер Салошкін выступіў з асноўным дакладам. Ён параўнаў розныя сітэмы арганізацыі аховы здароўя ў еўрапейскіх краінах. Беларуская медыцына апошнім часам значна мадэрнізавалася, у клініках МІнска і абласных цэнтрах з'явілася выдатнае абсталяванне - у кардыялагічных аддзяленнях, уралагічных, неўралогіях, траўматалогіях і інш., адзначыў лекар. Нельга сказаць і таго, што беларускія урачы моцна адстаюць ад заходніх калегаў па сваім прафесіяналізме. Але арганізацыя дзейнасці установаў медыцыны практычна засталася савецкай, мала маем прыватных клінік, асабліва ў малых гарадах.
Неабходныя рэформы, паступовы пераход да страхавой або змешанай арганізацыі аховы здароўя, зазначыў Мілінкевіч.
Пасля правядзення грамадскіх слуханняў будуць складзеныя прапановы па рэформе ў сферы аховы здароўя, якія ініцыятары “Народнага рэферэндуму” накіруюць у профільнае міністэрства.
Нядаўна быў перададзены ў адпаведнае ведамства спіс прапановаў па рэформе адукацыі пасля слуханняў па гэтай праблематыцы.
#рэферэндум