Навіны Навіны Руху

Галіна Краўчанка: Мы гатовыя працаваць ад дзвярэй да дзвярэй

Галіна Краўчанка: Мы гатовыя працаваць ад дзвярэй да дзвярэй

3849 Праглядаў Гомель
Ад 12 студзеня у Беларусі стартуе кампанія па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Гомельскія дэмакраты з Руху «За Свабоду», кампаніі «Гавары праўду», партыі «БНФ», кампаніі «Наш Дом» вырашылі засяродзіцца на Навабелцкім раёне.

У гэтай акрузе адначасова пройдуць мясцовыя выбары і перавыбары ў парламент. Прадстаўляць аб’яднаную дэмакратычную кааліцыю ў Гомельскай-Навабеліцкай акрузе збіраецца актывістка Руху «За Свабоду», грамадзянскай кампаніі «Навабеліца» Галіна Краўчанка:

— Мы выдатна разумеем, што зламаць сістэму нашым удзелам у выбарах немагчыма. Нашая асноўная мэта — гэта электаральная перамога ў канкрэтнай акрузе. Мы гатовыя працаваць ад дзвярэй да дзвярэй. Канцэнтрацыя нашых высілкаў на адным раёне дазволіць ахапіць максімальную колькасць выбарцаў. Актывісты кампаніі прыйдуць амаль да кожнага ў дом, распавядуць, чым мы займаемся, чаму нічога ў краіне не мяняецца. Дарэчы, мы праводзілі апытанне ў Навабеліцкай акрузе адносна стаўлення жыхароў да мясцовай улады. Пасля аналізу вынікаў выявіліся несуцяшальныя тэндэнцыі. Так, каля 80% апытаных увогуле абыякава ставяцца да мясцовай улады. Гэтая адчужанасць грамадзянаў ад пытанняў мясцовага самакіравання — вельмі страшная справа.

Паліттэхнолаг Юрый Варонежцаў лічыць, што мясцовыя выбары трэба выкарыстоўваць для працы з насельніцтвам:

— Калі групу людзей падштурхоўваеш да таго, каб яны самаарганізаваліся дзеля вырашэння сваёй праблемы, і вось яны шматкроць звяртаюцца ў нейкія ўладныя структуры, а потым гэтая праблема вырашаецца. Людзі тады пачынаюць верыць у свае сілы. Гэта маленькая прыступка, але яна ўсё-такі вядзе да ўсведамлення грамадзянамі таго, што ад іх нешта залежыць. Я думаю, што гэтую кампанію варта выключна выкарыстоўваць для абуджэння грамадзянаў.

Гомельская-Навабеліцкая акруга — адзіная ў Беларусі, дзе ў 2012 годзе не быў абраны дэпутат у парламент. Мясцовыя выбарцы адмовіліся галасаваць за безальтэрнатыўнага кандыдата ад праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі. Вылучэнне кандыдатаў у мясцовыя саветы працягнецца да 10 лютага. //Радыё «Рацыя»

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны