Навіны Аналітыка

Губарэвіч: Еўразійскі саюз можа стаць кропкай незвароту

Губарэвіч: Еўразійскі саюз можа стаць кропкай незвароту

4349 Праглядаў
Першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч выступіў з прамовай падчас міжнароднай канферэнцыі «Стратэгіі будучай палітыкі ЕС датычна Беларусі», што прайшла ў Вільні 28-29 кастрычніка.

Юрась Губарэвіч у сваім выступе прааналізаваў беларуска-еўрапейскія стасункі і выказаў пазіцыю Руху «За Свабоду» адносна іхніх перспектываў.

«Аляксандр Лукашэнка ўдала прымяняў апошнім часам палітыку геапалітычнага ківача, аднак поле гэтага ківача ўсё звужаецца», — заявіў Губарэвіч.

Хуткім часам павінна адбыцца падпісанне дамовы пра стварэнне Еўразійскага саюзу, што сур’ёзным чынам адаб’ецца на ўдзеле у праграмах ЕС. Наогул будзе вызначацца лёс Беларусі, кажа першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду».
І гэта, паводле яго перасцярогаў, «можа стаць кропкай незвароту».

Палітыка афіцыйнага Мінска простая датычна і Захаду, і Масквы, адзначыў Губарэвіч: мець ад іх як мага болей сродкаў на выратаванне неэфектыўнай эканомікі і пры гэтым пазбягаць дзеянняў, што могуць пагражаць утрыманню ўлады ўнутры краіны.

«Ад Еўрасаюзу часта можна пачуць, што мяч на баку Лукашэнкі, — сказаў Губарэвіч. — Але ён не футбаліст, а хакеіст. Замест пасу, як нярэдка было, б’е клюшкай па галаве».

Афіцыйная прапаганда працуе супраць ЕС, альтэрнатыўныя пазіцыі ў дзяржаўных СМІ папросту не агучваюцца, але і пры гэтым у Беларусі 40-45% насельніцтва з праеўрапейскімі настроямі.

На думку Губарэвіча, гэта — сіла, і Лукашэнка вымушаны лічыцца з ёй. Адзін з кіраўнікоў Руху «За Свабоду» згадвае выпадкі, калі ўладам даводзілася адкручваць назад непапулярныя меры ці адмаўляцца ад намераў здзейсніць непапулярныя меры ва ўмовах масавага абурэння. Свежы прыклад — гісторыя са 100 доларамі мыта за выезд за мяжу.

Задача ЕС, лічыць Юрась Губарэвіч, — узбуйняць шэрагі беларусаў-праеўрапейцаў, ідучы ім насустрач. Менавіта гэта можа паспрыяць пераменам у Беларусі, а не санкцыі: па-першае, пра паўнавартасныя санкцыі ўсе 28 краін ЕС наўрад ці дамовяцца, па-другое, размовы пра санкцыі забіваюць ініцыятыўнасць і даюць беларускім дэмакратам уяўную надзею, што «праблема Лукашэнкі» вырашыцца звонку.

«Размовы пра санкцыі вядуцца гадамі, выніку — няма», — рэзюмуе Губарэвіч.

На яго думку, перспектыва — у пазітыўных прапановах Еўрасаюзу для пашырэння колькасці праеўрапейскіх беларусаў і падтрымцы Еўрасаюзам пазітыўных прапановаў унутры нашай краіны. Прычым ЕС гэта можа рабіць у аднабаковым парадку, калі беларускія ўлады ўхіляюцца ад дыялогу. Гаворка і пра спрашчэнне візавага рэжыму, і пра маладзёжныя адукацыйныя праекты, і пра падтрымку грамадзянскай супольнасці.

Юрась Губарэвіч згадаў на віленскай канферэнцыі пра ініцыятыву «Народны рэферэндум», у межах якой лідары Руху «За Свабоду» разам з партнёрамі з Партыі БНФ і кампаніі «Гавары праўду» аб’ехалі ўжо больш за 30 гарадоў.

«Большасць людзей, з якімі мы гаварылі, выступаюць за паляпшэнне адносін з Еўропай, за еўраінтэграцыю. Хаця тое і не самае прыярытэтнае пытанне, бо хапае іншых праблем. Гэта тая актыўная і ў асноўным маладая частка грамадства, якая будзе вырашаць лёс Беларусі на першых дэмакратычных выбарах пасля Лукашэнкі», — заявіў Юрась Губарэвіч.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны