Адказ Генеральнага пракурора прыйшоў на адрас аднаго з падпісантаў, першага намесніка старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча.
Кіраўнік нагляднага ведамства Польшчы Анджэй Сэрэмет паведаміў у лісце беларускім палітыкам, што папярэднія следчыя дзеянні польскага боку супраць Андрэя Жукаўца грунтаваліся на абавязковых праўных нормах Польшчы, а не сталі вынікам супрацы з беларускімі суддзямі і пракурорамі, якія заплямілі сваю рэпутацыю пераследам апазіцыі.
Генпракурор таксама патлумачыў у сувязі з заклікам беларускіх палітыкаў да новага разгляду справы, што рашэнне польскага суда пра зняволенне і штраф не з’яўляецца правамоцным. У выпадку абскарджвання справа будзе разгледжана ў апеляцыйным судзе, які прыме пад увагу ўсе дэталі абвінавачвання, якое слухалася раённым судом у Беластоку.
«У адрозненні ад беларускіх, польскія судовыя і наглядныя органы працуюць больш адкрыта, не цураюцца адказваюць на запыты замежных грамадзян. Спадзяемся, што ў дэмакратычнай краіне, якой ёсць Польшча, сістэма падзелу ўладаў, незалежнасць пракуратуры і судоў дазволіць вынесці аб’ектыўнае рашэнне», — кажа Юрась Губарэвіч.
Нагадаем, у траўні 2013 года кіраўнікі Руху «За Свабоду», кампаніі «Гавары праўду», АГП, БХД, партыі «Справядлівы свет» падпісалі зварот да Генпракурора Польшчы, у якім выказвалі заклапочанасць прысудам Беластоцкага суда палітэмігранту Андрэю Жукаўцу. Ён абвінавачваўся ў махлярстве пры атрыманні крэдытаў у Беларусі на суму 700 тысяч даляраў і быў прысуджаны да штрафу і зняволення. Беларускія палітыкі звярталі ўвагу на тое, што прысуд польскага боку грунтаваўся на матэрыялах, атрыманых ад беларускіх суддзяў, якія спрычыніліся да пераследу апазіцыі і не маюць даверу. Крымінальная справа, узбуджаная беларускімі сілавымі структурамі можа быць помстай Жукаўцу за актыўную дапамогу дэмакратычным арганізацыям. Беларускія палітыкі заклікалі польскую Генпракуратуру і Мінюст перагледзець вынесены Жукаўцу прысуд і спыніць практыку супрацы з беларускімі суддзямі і пракурорамі, якія заплямілі сваю рэпутацыю ўдзелам у палітычных працэсах.