Яны сустрэліся з індывідуальнымі прадпрымальнікамі на мясцовым кааператыўным рынку, прынялі ўдзел у зборы подпісаў, наведалі гарвыканкам, рэдакцыю газеты "Intex-press" і напрыканцы сустрэліся з грамадскасцю горада.
Прадпрымальнікі гаварылі пра тое, што сёння яны не ўпэўнены не толькі ў сваім становішчы, але і ў тым, што дзяржава іх зможа абараніць па новых правілах Мытнага саюзу.
На цэнтральным рынку госьці разам з мясцовымі актывістамі прынялі ўдзел у зборы подпісаў за вяртанне шыльды ў гонар кіраўніка Мілавідскай бітвы 1863 года Аляксандра Лянкевіча на будынку Мілавідскай сярэдняй школы.
Пасля Аляксандр Мілінкевіч, Юрась Губарэвіч, Андрэй Дмітрыеў і Вячаслаў Болбат наведалі Баранавіцкі гарвыканкам і перадалі чыноўнікам лісты з подпісамі грамадзян за добраўпарадкаванне вуліцы Гаевай.
У 16.00 ініцыятары "Народнага рэферэндуму" наведалі рэдакцыю мясцовай газеты "Intex-press" і адказалі на шматлікія пытанні карэспандэнта Юльяны Харкевіч па праблемах народнага рэферэндуму.
Падчас сустрэчы з грамадскасцю горада старшыня Руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч адзначыў, што галоўная мэта паездак – выслухаць думкі людзей наконт ідэі правядзення рэферэндуму, высветліць асноўныя пытанні і тэмы, якія найбольш цікавяць людзей. Прысутныя ў пераважнай большасці пагадзіліся не толькі з тым, што ў краіне патрэбныя сістэмныя змены, але і самі прапанавалі ідэі рэфармавання сельскай гаспадаркі, мясцовага самакіравання, адукацыі і медыцыны.