Навіны Навіны Руху

Актывіст хоча пакараць чыноўнікаў за няведанне дзяржаўнай мовы

Актывіст хоча пакараць чыноўнікаў за няведанне дзяржаўнай мовы

4774 праглядаў Гарадок
Леанід Гаравы звярнуўся да старшыні Гарадоцкага райвыканкама з заявай аб прыцягненні да адказнасці старшыні Гагарынскай выбарчай камісіі № 5 Вячэслава Грыбанава і старшыні Гарадоцкай раённай выбарчай камісіі.

Актывіст Руху «За Свабоду» 3 траўня звярнуўся да старшыні Гарадоцкага райвыканкама з заявай аб пачатку адміністратыўнага працэсу супраць старшыні Гагарынскай выбарчай камісіі № 5 Вячэслава Грыбанава і старшыні Гарадоцкай раённай камісіі Наталлі Берасневай за парушэнне заканадаўства аб мовах.

Падчас правядзення выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы Леанід Гаравы ажыццяўляў назіранне на Гагарынскім выбарчым участку № 5, дзе ім зарэгістраваны шматлікія парушэнні норм Выбарчага кодэксу і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь. І першы зварот да старшыні Гарадоцкага райвыканкама Леанід Гаравы накіраваў наконт парушэння заканадаўства аб мовах у працы старшыні камісіі Вячэслава Грыбанава. У заяве актывіст Руху «За Свабоду» адзначае, што старшыня камісіі Грыбанаў ігнараваў канстытуцыйнае права грамадзяніна на карыстанне дзяржаўнай беларускай мовай, зняважаў нацыянальную годнасць, прыніжаў нацыянальны гонар, абмяжоўваваў права на карыстанне роднай дзяржаўнай мовай.

Дзеючае заканадаўства аб мовах прадугледжвае, што заяўнік мае права на карыстанне беларускай мовай і мае права атрымліваць адказы на роднай беларускай мове.

Заканадаўства таксама абавязвае кіраўнікоў, супрацоўнікаў дзяржаўных органаў ведаць дзве дзяржаўныя мовы. Старшыня камісіі Грыбанаў не ведае дзяржаўнай беларускай мовы, што сведчыць аб неадпаведнасці яго займаемай пасаде ў дзяржаўнай структуре — старшыні Гагарынскай участковай камісіі № 5. Але не ведаючы дзяржаўную беларускую мову гр-н Грыбанаў В.Р. на працягу галасавання сістэматычна парушаў заканадаўства аб мовах, прадстаўляючы адказы на расейскай мове, зняважліва ўжываючы асобныя беларускія словы ў адсебяціне, якую пісаў ад свайго імя замест вывучэння выяўленых парушэнняў норм ВК РБ і прыняцця рашэння камісіяй аб зваротах наконт парушэння заканадаўства.

Прававая непісьменнасць Грыбанава В.Р. прывяла да таго, што яго «адсебяціна» не мае ніякай юрыдычнай сілы, дэскрыдытуе арганізацыю выбараў на Беларусі, а сістэматычнае стварэнне перашкод і абмежаванняў у карыстанні дзяржаўнай беларускай мовай пры зносінах з дзяржаўным органам мае ўсе прыкметы складу сістэматычнага парушэння норм заканадаўства аб мовах, парушэння канстытуцыйных правоў.

Дакументацыя Гагарынскай участковай камісіі № 5 утрымлівае 12 фактаў парушэння заканадаўства аб мовах з боку гр-на Грыбанава В.Р.

Таксама актывіст патрабуе распачаць адміністратыўны працэс супраць Наталлі Берасневай, старшыні Гарадоцкай раённай камісіі, якая на скаргі і заявы аб парушэнні выбарчага заканадаўства ў працы Гагарынскай камісіі № 5 давала адказы на расейскай мове. Пры гэтым яшчэ раней Леанід Гаравы вяртаў адказ з раённай камісіі назад, каб яго далі на дзяржаўнай беларускай мове.

Вячэслаў Грыбанаў і Наталля Бераснева займаюць адказныя пасады ў Гарадоцкім райвыканкаме. І наколькі аб’ектыўнай будзе рэакцыя старшыні Гарадоцкага райвыканкама Анатоля Мароза на відавочныя парушэнні моўнага заканадаўства, канстытуцыйных правоў Леаніда Гаравога з боку яго падначаленых у выбарчай кампаніі пакажа час. Але дзеянні яго падначаленых маюць усе віды правапарушэння адпаведна арт. 9.22 Адміністрацыйнага кодэксу Беларусі.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны