Навіны Аналітыка

Дзень Волі-2013 — цень вулічнай дэмакратыі

Дзень Волі-2013 — цень вулічнай дэмакратыі

3768 Праглядаў Мінск
З аднаго боку, вялікага рэзанансу ад акцыі чакаць не даводзіцца, з другога — адмовіцца ад мерапрыемства складана, бо яго правядзенне непасрэдна асацыюецца з самой беларускай апазіцыяй.

Беларуская апазіцыя ў гэтым годзе не стала адмаўляцца ад традыцыйнага вулічнага шэсця і мітынгу з нагоды Дня Волі – гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года, піша Сяргей Каралевіч на БелаПАН.

У аргкамітэт па правядзенні акцыі цяпер увайшлі прадстаўнікі Партыі БНФ, Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Руху "За Свабоду", кампаніі "Еўрапейская Беларусь", аргкамітэтаў па стварэнні партый "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" і "Беларускі рух", руху салідарнасці "Разам", аб'яднання мастакоў "Пагоня".

У пададзенай заяўцы на правядзенне мітынгу мяркуецца збор на пляцоўцы каля Батанічнага саду, а затым ужо традыцыйнае шэсце па вуліцы Сурганава і мітынг у парку Дружбы народаў.

У дадатак да вулічнага мерапрыемства ў гэтым годзе вырашана арганізаваць урачыстую сустрэчу і канцэрт у зале. Пададзеная заяўка на арэнду памяшкання ў сталічным Палацы культуры трактарнага завода. Традыцыйна за некалькі дзён да Дня Волі ў офісе Партыі БНФ адкрыецца выстава мастакоў "Пагоні".

Абодва асноўных мерапрыемствы пройдуць 24 сакавіка, бо ў нядзельны дзень аргкамітэт спадзяецца ўбачыць больш людзей на вулічнай акцыі, асноўнымі тэмамі якой павінны стаць абарона незалежнасці і вызваленне палітвязняў.

Некалі вулічныя акцыі апазіцыі, нават з улікам усіх арганізацыйных агрэхаў, выклікалі сур'ёзны рэзананс, звязаны як з прыкметнай колькасцю ўдзельнікаў, так і з сілавымі дзеяннямі ўладаў, якія не аднойчы звярталіся да разгону.

Менавіта ў Дзень Волі апошні раз апазіцыя паспрабавала сур'ёзна супрацьстаяць уладзе ў 2008 годзе. Тады міліцыя заблакавала месца збору, а спробы маніфестантаў прайсці да яго скончыліся сутыкненнямі і разгонам з арыштамі.

У наступныя гады апазіцыйныя структуры пад уплывам рэпрэсій і заканадаўчых абмежаванняў вымушаныя былі, як правіла, карэктаваць фармат правядзення акцыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі ўладаў. Выключэнне склаў 2011 год, калі шэсце і мітынг не праводзіліся наогул, бо яшчэ быў памятны разгон Плошчы ў снежні 2010 года.

Сённяшнія рэаліі вулічных акцый – у лепшым выпадку некалькі тысяч удзельнікаў, практычна кожны крок якіх кантралюецца супрацоўнікамі сілавых структур.

Змяніліся і мэты правядзення акцый. Калі раней на іх апазіцыя магла паспрабаваць прадэманстраваць сваю колькасць і сілу, то зараз задача-максімум – паказаць сваё існаванне і адзінства.

"Асноўнай задачай святкавання Дня Волі з'яўляецца дэманстрацыя адзінства апазіцыі па важных для нас і ўсяго грамадства пытаннях, у першую чаргу – пытанні незалежнасці", – адзначае прадстаўнік аргкамітэта ад Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч.

Паводле яго слоў, добра ўжо тое, што, нягледзячы на супярэчнасці паміж дэмакратычнымі сіламі, у пытанні незалежнасці краіны яны праяўляюць адзінства. "У аргкамітэце прысутнічаюць як Рух "За Свабоду" і Партыя БНФ, так і БХД і АГП, якія яшчэ нядаўна займалі розныя пазіцыі адносна ўдзелу ў выбарчых кампаніях", – адзначае Губарэвіч.

Рэаліі такія, што пэўным дасягненнем уяўляецца ўжо сама магчымасць выйсці на вуліцы і выказаць свае погляды. Сапраўды, у апошнія гады такіх магчымасцяў усё менш, ды і жаданне праводзіць вулічныя акцыі зводзіцца да мінімуму. Бо простая раздача ўлётак можа скончыцца прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу, а то і арышту.

"Таму важным з'яўляецца нават магчымасць выкарыстоўваць Дзень Волі для таго, каб выйсці на вуліцу і прадэманстраваць, што нам не абыякава будучыня краіны, што мы незадаволеныя дзеяннямі ўладаў", – падкрэслівае прадстаўнік аргкамітэта акцыі.

Сціплыя грашовыя і чалавечыя рэсурсы не дазваляюць апазіцыі сваімі сіламі забяспечыць масавасць і прывабнасць акцыі.

"Мы пастараемся забяспечыць форму і змест акцыі. Колькі людзей прыйдзе, будзе залежаць ад таго, наколькі высокі градус незадаволенасці і грамадзянскай актыўнасці насельніцтва, наколькі людзі не баяцца адкрыта дэманстраваць свае погляды. Калі лозунгі, якія дэкларуе апазіцыя, будуць зразумелыя людзям, то мы маем шанец прыцягнуць іх на наш бок", – адзначае Губарэвіч.

Па сутнасці, святкаванне Дня Волі сёння дапамагае беларускай апазіцыі вырашаць хіба што задачы самазахавання.

"На падобнага роду акцыі, з аднаго боку, завышаныя чакання ўскладаць наўрад ці варта. З іншага боку, і не праводзіць іх таксама нельга. Гэта свята, якое апазіцыя адзначае традыцыйна", – кажа палітолаг Юрый Чавусаў.

Вядома, дадае ён, акцыя можа выконваць пэўную камунікатыўную функцыю, прыцягваць у арганізацыі новых людзей. Але ў цэлым прагнозы адносна развіцця вулічнай актыўнасці ў эксперта не занадта аптымістычныя.

"Вулічная дэмакратыя ў Беларусі як сродак змены палітычнай сітуацыі, напэўна, скончылася на Плошчы ў 2010 годзе", – лічыць Чавусаў.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны