Навіны Навіны Руху

Апазіцыя падрыхтавала правілы сумленных выбараў

Апазіцыя падрыхтавала правілы сумленных выбараў

3475 Праглядаў
Шэраг палітычных і грамадскіх структур узгаднілі прапановы зменаў і дапаўненняў у некаторыя законы па пытаннях правядзення выбараў і рэферэндумаў (глядзець).

Законапраект будзе накіраваны суб’ектам заканадаўчай ініцыятывы разам з суправаджальным лістом — кіраўніку краіны, ва ўрад, а таксама дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і членам Савета Рэспублікі (і ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў, што адказны за складанне новага Выбарчага кодэкса). Апрача Руху «За Свабоду», ліст падпісалі кампанія «Гавары праўду», партыі «Справядлівы свет», БНФ, «Зялёныя» ды іншыя.

«Прыняцце прапанаваных зменаў зробіць выбарчы працэс больш адкрытым, галосным і справядлівым», — гаворыцца ў сумесным лісце беларускай апазіцыі да ўлады.

Навацыі ў выбарчае заканадаўства закліканыя зрабіць выбарчыя камісіі сапраўды незалежнымі.

У прыватнасці, гаворка вядзецца пра ўключэнне ў іх склад прадстаўнікоў палітычных партый, якія бяруць удзел у выбарах і справядлівы механізм адбору ў склад камісій прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і грамадзян у тых выпадках, калі колькасць заявак на ўключэнне ў камісіі перавышае вызначаную колькасць сябраў камісій.

Змены таксама скіраваныя на гарантаванне правоў кандыдатаў на вядзенне перадвыбарчай агітацыі шляхам правядзення масавых мерапрыемстваў.

Прапануецца замацаваць права назіральнікаў аглядаць падлік галасоў такім чынам, каб бачыць волевыяўленне грамадзян у кожным бюлетэні, атрымліваць любую інфармацыю, якая тычыцца выбараў, а таксама фіксаваць працэс падліку галасоў наяўнымі ў іх распараджэнні сродкамі.

А выбарчыя камісіі прапануецца абавязаць весці галосны падлік галасоў асобна па кожным з відаў галасавання і па кожнай з выкарыстаных падчас галасавання скрыняў, а таксама фіксаваць вынікі асобнага падліку галасоў у выніковым пратаколе.

Яшчэ адна мэта паправак — «абцяжарыць магчымасці прымусу грамадзян галасаваць датэрмінова ці па месцы знаходжання ў дзень выбараў».

«Прыняцце прапанаваных зменаў заканадаўства значна павысіць упэўненасць грамадзян у тым, што вынікі выбараў, якія абвяшчаюцца, адпавядаюць зробленаму імі волевыяўленню. Гэта павысіць легітымнасць абраных органаў улады ўнутры краіны і на міжнароднай арэне», — лічаць прадстаўнікі апазіцыі.

Раней яна прапанавала грамадскае абмеркаванне паправак у выбарчае заканадаўства. Адпаведны ліст у Цэнтрвыбаркам быў падпісаны і накіраваны пры канцы снежня 2012 года шэрагам палітычных партый і грамадскіх структур, у тым ліку Рухам «За Свабоду».

Аднак ЦВК адказаў адмовай: «Праект нарматыўнага прававога акта можа быць вынесены на публічнае (усенароднае, грамадскае або прафесійнае) абмеркаванне па рашэнні дзяржаўнага органа (службовай асобы), упаўнаважанага прымаць (выдаваць) нарматыўныя прававыя акты. У адпаведнасці з законам Цэнтральная камісія не з’яўляецца такім органам».

У ведамстве, што ачольвае Лідзія Ярмошына, таксама адзначылі, што заканадаўства Беларусі не прадугледжвае правядзенне экспертызы законапраектаў БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскай камісіяй.

Між тым, прыняцце змяненняў у Выбарчы кодэкс, мяркуючы па ўсім, не за гарамі. Яны будуць унесены ўжо ў гэтым годзе. Прынамсі, пра гэта гаворыцца ва ўказе № 1 кіраўніка дзяржавы аб плане падрыхтоўкі законапраектаў у гэтым годзе.

«Мы дасылаем супольны законапраект зменаў у выбарчае заканадаўства суб’ектам з правама дпаведнай ініцыятывы, хаця спадзеваў, што нашы прапановы будуць улічаныя, мала. Бо адмова ўладаў ад татальнага кантролю і фальсіфікацый выбарчага працэсу на ўсіх яго этапах прывядзе да атрымання нарэшце рэальных вынікаў выбараў», — кажа першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

«І па цяперашнім Выбарчым кодэксе, у прынцыпе, можна было б праводзіць дэмакратычныя выбары. Аднак усё натыркаецца на практыку правапрымянення. Нашы папраўкі закліканы мінімізаваць магчымасць парушэнняў выбарчага заканадаўства і маніпуляцый ім. У выпадку іх прыняцця нахабна фальсіфікаваць выбары не атрымаецца. У прыватнасці, неабходна пашырыць правы назіральнікаў, у выбарчых камісіях павінны быць прадстаўнікі альтэрнатыўных кандыдатаў, а падлік галасоў павінен стаць па-сапраўднаму празрыстым і адкрытым», — зазначае Юрась Губарэвіч.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны