З такімі пытаннямі Служба інфармацыі «ЕвроБеларуси» звярнулася да маладых палітычных дзеячаў і экспертаў. Адказаў у тым ліку і Юрась Губарэвіч, першы намеснік старшыні Руху "За Свабоду":
- У гэтым пытанні існуе дзве меркі. Першы падыход - чыста фармальны: для таго, каб стаць дэпутатам мясцовага савета, дэпутатам парламента альбо прэзідэнтам, заканадаўствам прадугледжаны пэўныя ўзроставыя абмежаванні: 18, 21 і 35 гадоў адпаведна.
Усё астатняе вызначаецца стаўленнем да таго ці іншага палітыка. І тут я не бачу ніякіх перашкодаў, каб у досыць маладым узросце палітыкі атрымлівалі падтрымку ў сваіх выбаршчыкаў, як і ў сталым узросце.
Для кожнай абіранай пасады існуе пэўны набор стэрэатыпаў, адпаведнасць якім хочуць бачыць у прэтэндэнтах выбаршчыкі. Калі гаворка ідзе пра палітыкаў мясцовага ўзроўню, дэпутатаў мясцовых саветаў ці кандыдатаў у парламент, то выбаршчыкі вельмі часта аддаюць перавагу маладым людзям. Мой прыклад і прыклад маіх калегаў, калі мы станавіліся дэпутатамі мясцовых саветаў у 21 або нават у 18 гадоў, паказвае, што і ў такім узросце можна разлічваць на падтрымку выбаршчыкаў.
Што тычыцца пасады прэзідэнта, то ў беларускім грамадстве тут існуе іншае бачанне. Перш за ўсё, на гэтай пасадзе людзі хацелі б бачыць чалавека сярэдняга (або вышэй за сярэдні) ўзросту, які мае пэўны жыццёвы вопыт, можа прадэманстраваць пэўныя дасягненні ў сваёй прафесійнай або палітычнай дзейнасці.