Навіны Аналітыка

Лагвінец: Лукашэнка не хоча палітычнай мадэрнізацыі

Лагвінец: Лукашэнка не хоча палітычнай мадэрнізацыі

3856 Праглядаў
Праз месяц заканчваецца першая фаза трохэтапнага праекта «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю». Гэтую ініцыятыву вылучыў Еўрапейскі саюз у канцы сакавіка. Еўропа працягвае руку дапамогі беларускім уладам, хаця катэгарычна не прымае наяўнасці палітвязняў у Беларусі. Мінск адштурхвае працягнутую руку, забараняючы беларускім міністэрствам і ведамствам удзел у дыялогу.

Чаму? Адказ на гэтае пытанне карэспандэнт "СНплюс" паспрабаваў знайсці разам з палітолагам, дарадцам старшыні Руху "За Свабоду" Алесем Лагвінцом.

- Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі стартаваў у канцы сакавіка, першая фаза з трох завяршаецца ўжо ў верасні 2012 года. Але да гэтага часу бакі не маюць дакладнага ўяўлення, што яны могуць і павінны абмяркоўваць. Чаму? Бо прайшло амаль паўгода...

- Бачанне і разуменне, што можна і трэба рабіць, ёсць. Па крайняй меры, у асноўнай часткі удзельнікаў ад грамадзянскай супольнасці і ў прадстаўнікоў ЕС. Пры ўсёй сваёй выключнасці, Беларусь - усходнееўрапейская краіна, перад якой стаяць тыя ж самыя выклікі, што і перад іншымі краінамі рэгіёну. А ў ЕС ужо ёсць распрацаваная матрыца садзейнічання мадэрнізацыі.

- У рэалізацыі "Еўрапейскага дыялогу" актыўна ўдзельнічае трэці сектар Беларусі. А вось афіцыйны Мінск адмовіўся ад удзелу, калі Еўропа не прыме беларускія ўмовы. І нават забараніў міністэрствам і ведамствам удзельнічаць у гэтым праекце. Чаму беларускія ўлады так нервова рэагуюць на працягнутую руку дапамогі?

- Асаблівасць мадэрнізацыйны матрыцы як раз у тым, што яна ў цэлым прадугледжвае ўдзел дзяржаўных органаў улады, цэнтральных і мясцовых. І ў выпадку Беларусі мадэрнізацыйныя намаганні будуць мець эфект, толькі калі гэта вынік сумесных намаганняў улады і грамадзян. Ці патрэбна мадэрнізацыя Лукашэнкі і яго рэжыму? У нармальным разуменні, хутчэй за ўсё, не патрэбна. Бо ён катэгарычна не хоча палітычнай мадэрнізацыі, а чыста эканамічная мадэрнізацыя а-ля Кітай у еўрапейскай краіне наўрад здзяйсняльная.

- Што губляе Мінск, адмаўляючыся ад дыялогу?

- Адмаўляючыся ад мадэрнізацыйнага дыялогу з ЕС, афіцыйны Мінск, перш за ўсё, спадзяецца застацца ў фаворы ў Крамлі, а таксама проста навязаць свае ўмовы такога дыялогу. А краіна і яе народ, безумоўна, застаюцца закладнікамі тупіковай палітыкі ўладаў. Хоць, я лічу, што рэжым нядоўга будзе набіваць сабе цану, там хапае тых, хто ўсведамляе важнасць еўрапейскага вектара. Нават калі толькі для таго, каб панерваваць Расію.

- Еўропа не збіраецца змяняць сваю прынцыповую пазіцыю ў адносінах да палітвязняў у Беларусі. Міністр Сяргей Мартынаў 23 ліпеня на саміце міністраў замежных спраў "Усходняга партнёрства" атрымаў лупцоўку. Але сам факт паездкі чыноўніка ў Брусэль змушае думаць, што Мінск пасылае Еўропе сігнал. Які?

- Вельмі проста - Мінск хоча хоць неяк захаваць бачнасць кантактаў з ЕС. Больш за тое, падчас выбарчай кампаніі вельмі важна паказаць, што цябе прызнаюць на міжнародным узроўні: прымаюць твайго міністра, згаджаюцца даслаць назіральнікаў.

Раўнуе да апазіцыі?

Намеснік старшыні Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч упэўнены, што Мінск, адмаўляючыся ад удзелу ў "Еўрапейскім дыялогу аб мадэрнізацыі з Беларуссю", спрабуе захаваць твар - бо ў дыялогу ўжо ўдзельнічаюць незалежныя эксперты і прадстаўнікі апазіцыі. А беларуская ўлада хацела б аднаасобна кантраляваць працэс беларуска-еўрапейскага дыялогу.

- "Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю" - гэта яшчэ адна спроба ўцягнуць Беларусь у двухбаковыя адносіны, працягнутая рука, чым у свой час была і праграма "Усходняе партнёрства".

Чаму афіцыйны Менск адмаўляецца ад удзелу ў дыялогу? Афіцыйны Мінск неаднаразова даваў зразумець, што хацеў бы цалкам кантраляваць працэс дыялогу з Еўропай, цалкам выключыўшы з яго беларускую апазіцыю. Паколькі да дыялогу ўжо прыцягнутыя незалежныя эксперты і прадстаўнікі апазіцыі - Мінск не лічыць для сябе магчымым удзельнічаць у гэтым працэсе. 

Але калі Мінск адчуе, што пры дапамозе Расіі немагчыма будзе ўтрымаць сваю эканоміку на плаву, пачнуцца пошукі новых фарматаў дыялогу. Але пры ўмове, што Мінск цалкам будзе кантраляваць гэты дыялог.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны