Група жыхароў Брэста, што вылучала Дзяніса Турчаняка ў склад акруговай выбарчай камісіі, напісала адпаведную заяву ў вышэйшую судовую інстанцыю.
Разгляд скаргі ў Вярхоўным судзе пачнецца а 10 гадзіне 2 жніўня па адрасе: Мінск, Леніна, 28.
Справа ў тым, што Брэсцкі абласны суд адмовіў у задавальненні скаргі грамадзян з нагоды адмовы аблвыканкама і аблсавета ўключыць у склад акруговай камісіі Берасцейскай-Заходняй выбарчай акругі № 1 вядомага ў горадзе дэмакратычнага актывіста.
"На думку суддзі Брэсцкага абласнога суда, скарга павінна была быць падпісаная ўсімі 13 грамадзянамі, а не чатырма. Гэта і з'явілася прычынай адмовы ва ўзбуджэнні справы. Аднак, такія дзеянні суддзі парушаюць правы 4-х грамадзянаў, якія паставілі подпісы пад скаргай. Цяпер трое з іх дамагаюцца ў Вярхоўным судзе рэалізацыі свайго права на абскарджанне рашэння "Аб утварэнні акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ пятага склікання", – тлумачыць сітуацыю Дзяніс Турчаняк.
Каардынатар Руху таксама адзначае, што артыкулы Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь не ўтрымліваюць у сабе ўказанні на абавязковасць падпісання дадзенай скаргі ўсімі грамадзянамі, якая вылучае кандыдата. Ні выбарчым ні грамадзянскім-працэсуальным заканадаўствам таксама не ўстаноўлена і колькаснага цэнзу для падачы такой скаргі.
Больш за тое, на думку Турчаняка, такое патрабаванні ўяўляецца абсурдным, паколькі адзін кандыдат можа быць вылучаны не дзесяткам, не сотняй, а, напрыклад, некалькімі тысячамі чалавек, адпаведна, сабраць подпісы такой колькасці грамадзян у тррохдзённы тэрмін, вызначаны законам для падачы скаргі, не можа прадстаўляцца магчымым.
Дзяніс Турчаняк лічыць, што рашэнне абласнога суда з'яўляецца незаконным. Яно парушае не толькі яго канстытуцыйныя правы на ўдзел у выбарчым працэсе, але і правы грамадзян, якія вылучылі яго, на судовае абскарджанне рашэнняў дзяржорганаў і службовых асоб.
Грамадзяне просяць Вярхоўны суд адмяніць вызначэнне суддзі Брэсцкага абласнога суда ад 12 ліпеня аб адмове ва ўзбуджэнні справы па скарзе, узбудзіць грамадзянскую справу па скарзе і накіраваць яе на разгляд у Брэсцкі абласны суд.